Артыкулы: Мітава
Мітава (цяпер Елгава, Jelgava, горад у Латвійскай Рэспубліцы), горад, сталіца Курляндскага і Земгальскага герцагства, на р. Ліелупе (Аа). У 10 ст. на месцы М. ўзнікла земгальскае паселішча. Упершыню ўпамінаецца ў лівонскай «Старэйшай рыфмаванай хронiцы», якая апавядае пра пабудову ў 1265 замка М. па загаду магістра Лівонскага ордэна Конрада фон Мандэрна. Замак стаў апорным пунктам нямецкіх рыцараў у падпарадкаванні вакольнага земгальскага насельніцтва. У 1345 літоўскі кн. Альгерд захапіў перадзамкавыя ўмацаванні М. Пасля скасавання Лівонскага ордэна і ўтварэння ў 1561 Курляндскага і Земгальскага герцагства (васальнай дзяржавы з 1562 у адносінах да вял. князя літоўскага Жыгімонта Аўгуста, пасля ў адносінах да каралёў польскіх і вял. князёў літоўскіх) М. стала сталіцай герцагства. Каля 1573 М. атрымала гарадскія правы. У 1605 герцаг Фрыдрых Кетлер дараваў М. збор законаў, які рэгуляваў гар. кіраванне, гандаль і рамяство. Не гледзячы на войны Рэчы Паспалітай са Швецыяй (захоплівалася шведскімі войскамі ў 1621, 1622, 1625, 1658, 1701, рас. войскамі ў 1705, 1709), М. эканамічна развівалася. У 1615 пабудаваны лютэранскі збор Св. Тройцы. У 1621—90 існавала езуіцкая місія, у 1690—1773 — езуіцкая рэзідэнцыя, каля 1693 адчынена школа, існавала музычная бурса, бібліятэка, школьны тэатр. У 1634 пабудаваны парафіяльны мураваны касцёл св. Георгія, у 1726 — правасл. царква Сімяона і Ганны. У 1758—67 езуіты пабудавалі ўласны невял. касцёл. Стары замак быў разбураны герцагам Эрнстам Ёганам Біранам, які загадаў пабудаваць раскошны барокавы палац (1738—72, архітэктар Б.Растрэлі). У 1775 апошні герцаг Пётр Біран заснаваў ун-т (Акадэмія Петрына). Паводле праекту Растрэлі ў 1780 пабудавана новая правасл. царква. Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) М. ў складзе Рас. імперыі, цэнтр Курляндскай губ.
Літаратура:
Schlau K.-O. Zur Gründungs- und Verfassungsgeschihte der Stadt Mitau (Jelgava) in Kurland (1265—1795) // Zeitschrift für Ostforschung. 1993. H. 4.
© Валерый Пазднякоў, 2010
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


