Артыкулы: Міхаіл Казачынскі
Міхаіл Казачынскі [свецкае Мануіл; 1699, г. Ямпаль Падольскага ваяв.—4(15).8.1755], дзеяч праваслаўнай царквы, педагог, пісьменнік. З шляхецкай сям’і. Скончыў Кіева-Магілянскі калегіум (1733). Па запрашэнні бялградскага мітрапаліта Вікенція ў 1733 выехаў у Сербію, выкладчык і прэфект у школе г. Карловец недалёка Бялграда. У 1734 тут была пастаўлена напісаная М. драма пра сербскага цара Ураша V, якая паклала пачатак сербскаму тэатру. Пасля скасавання школы (1737) М. вярнуўся ў Кіеў, паслушнік Выдубіцкага манастыра, з 1740 манах. У 1739—46 выкладчык і прэфект у Кіева-Магілянскім калегіуме. З 1746 у Выдубіцкім манастыры, пасля ігумен Чырвонагорскага манастыра ў Гадзячы. У 1748 прызначаны архімандрытам Слуцкага Троіцкага манастыра. Арганізаваў перанос мошчаў хлопчыка Гаўрыіла з Заблудава ў Слуцк (май 1755). Аўтар панегірыка імператрыцы Лізавеце Пятроўне (Кіеў, 1744), вершаў «На триумфальных Киево-Печерских воротах до ангела... стихи» (Кіеў, 1744, аркуш), на перанос мошчаў Гаўрыіла ў Слуцк (1755, аркуш), драм «Благоутробие Марка Антония, кесаря римского» (Кіеў, 1745), «Трагедиа, сиречь Печална повесть о смерти последнего царя сербского Уроша Пятого и о падении Сербского царства» (Будапешт, 1798), падручніка «Философиа Аристотелева» (Львоў, 1745). Памёр і пахаваны ў Слуцку.
Літаратура:
Соболевский А. Неизвестная драма М.Козачинского // Чтения в Историческом обществе Нестора-летописца. Киев, 1901. Кн. 15, вып. 2—3;
Маслов С.І. Мануїл (Михаїл) Козачинський і його Трагедія о смерті последнего царя сербського Уроша V-го и о пелений сербського царства // Радянське літаратурознавство. 1958. № 4.
© Валерый Пазднякоў, 2010
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


