Артыкулы: Міхаіл Жыгімонтавіч
Міхаіл Жыгімонтавіч (Баляслаў; 1380-я г.—1451 або 1452), князь у ВКЛ. Сын вял. князя літоўскага Жыгімонта Кейстутавіча і яго 1-й жонкі, дачкі кн. Андрэя Адзінцэвіча. З 1390 разам з бацькам і інш. быў аддадзены Вітаўтам крыжакам як залог за падтрымку ў барацьбе за велікакняжацкі пасад. Калі Вітаўт не стрымаў слова і заключыў з Ягайлам Востраўскае пагадненне 1392, М.Ж. і інш. заложнікі былі зняволены крыжакамі. З 1398 у ВКЛ, ажаніўся з Ганнай — дачкой плоцкага кн. Земавіта ІV. У 1427—29 пры двары вял. магістра Нямецкага ордэна. З 1432, калі яго бацька заняў велікакняжацкі пасад, знаходзіўся пры ім, быў прызначаны камандуючым войскамі, што дзейнічалі супраць Свідрыгайлы. Атрымаў над ім перамогу ў Вількамірскай бітве 1435, заняў Оршу, аблажыў Віцебск і Полацк. Атрымаў ва ўладанне Слуцк, Хоўхлу, Слонім, землі на Падляшшы. Пасля забойства бацькі некаторыя феадалы, галоўным чынам на Жамойці, падтрымалі кандыдатуру М.Ж. на велікакняжацкі пасад, але ў 1440 вял. князем абраны Казімір ІV. Паводле «Хронікі Быхаўца», Казімір, калі ўмацаваўся на троне, падараваў М.Ж. Бельск, Бранск на Падляшшы, Сураж, Клецк, Койданаў, Бранск на Дзясне і Старадуб. У Клецку М.Ж. задумаў змову супраць Казіміра, у якой удзельнічалі князі Валожынскія, але яна была раскрыта. Паводле інш. крыніц, М.Ж. пасля абрання Казіміра выехаў да сваякоў у Мазоўша за падтрымкай у барацьбе супраць вял. князя, потым — у Малдову і да хана Сеід-Ахмеда. У пач. 1449 М.Ж. з татарскім войскам на кароткі час захапіў у ВКЛ Севершчыну і Кіеў. Пасля шукаў падтрымкі ў Маскве, але там зняволены і атручаны.
Літаратура:
Kopystіańskі A. Ksіąże Mіchał Zygmuntоwіcz // Kwartalnіk hіstoryczny. 1906. Z. 1—2.
© Валерый Пазднякоў, 2006
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне