Артыкулы: Міхалкевіч Ежы Уладзіслаў

Міхалкевіч Ежы Уладзіслаў (?—да 22.9.1666), ваенны дзеяч. З шляхецкага роду герба «Касцеша». На ваеннай службе ў ВКЛ прынамсі з 1648. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 у кампаніі 1655 камандаваў у рангу паручніка казацкай харугвай у палку Зыгмунта Адама Слушкі, надворнага харужага ВКЛ. У канцы 1655 далучыўся да Вярбілаўскай канфедэрацыі войска ВКЛ, якое патрабавала аплаты за кошт уладанняў Януша Радзівіла, што перайшоў на бок шведаў. Атрымаў некалькі радзівілаўскіх вёсак. З 1567 падчашы рэчыцкі. Ад свайго палкоўніка Слушкі, які ў 1658 прызначаны старастам рэчыцкім, М. атрымаў урад рэчыцкага падстарасты. У 1659 удзельнічаў у заснаванні ў Курляндыі новай канфедэрацыі вайскоўцаў, якім не выплочвалі жолд, быў пасланы ад іх да караля польскага і вял. князя літоўскага Яна ІІ Казіміра ў Гданьск. У час выканання місіі трапіў у шведскі палон, з якога выменены гетманам Ежы Любамірскім. У канцы 1663 пасланы гетманам Паўлам Янам Сапегам на чале палка (разам з Самуэлем Кміцічам) пад Смаленск. Пад час паходу была захоплена Ельна, ледзь не ўзяты Дарагабуж, захоплена вял. здабыча. Пасля М. вёў ад імя войска перагаворы з Багуславам Радзівілам пра лёс радзівілаўскіх маёнткаў, на якія прэтэндавалі вайскоўцы.

© Валерый Пазднякоў, 2010

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.