Артыкулы: Міхаэль Кюхмайстэр (Michael Küchmeister)

Міхаэль Кюхмайстэр (Michael Küchmeister; 1370, Сілезія—15.12.1423), вялікі магістр Тэўтонскага ордэна ў 1414—22. Паходзіў з рыцарскага роду, які пазней, у 15 ст. асеў у Прусіі і набыў прозвішча Кюхмайстэр фон Штэрнберг (Küchmeister von Sternberg). Час уступлення ў ордэн невядомы. Прыкладна з 1396 да 1402 (з перапынкамі) пракуратар замка ў Кентшыне (Растэнбургу), у 1397 комтур у Рыне (Райне), у 1401 кампан комтура Балгі і фогта Натангіі, Ульрыха фон Юнгінгена. У 1402—04 вял. шафар Караляўца. Пасля заключэння Рацёнжскага дагавора 1404, што перадаваў Жамойць пад уладу Тэўтонскага ордэна, М.К. прызначаны фогтам Жамойці. Да 1409 вял. князь літоўскі Вітаўт садзейнічаў крыжакам трымаць у падпарадкаванні Жамойць, за што тыя дапамагалі Вітаўту ў час вайны Маскоўскай дзяржавы з Вялікім княствам Літоўскім 1406—08 (у паходзе 1408, у якім удзельнічаў і М.К.). У 1409 Вітаўт інспіраваў антыкрыжацкае паўстанне ў Жамойці. Імкнучыся займець саюзнікаў і будучай вайне з Польшчай і ВКЛ, вял. магістр Тэўтонскага ордэна Ульрых фон Юнгінген адправіў пасольства да венгерскага караля Жыгімонта, у склад якога ўвайшоў М.К. У пач. 1410 М.К. прызначаны фогтам Новай Маркі. Яму было даручана забяспечваць сувязі ордэна з краінамі Свяшчэннай Рымскай імперыі. У Грунвальдскай бітве 1410 М.К, не ўдзельнічаў. У вер. 1410 на чале рыцараў з Новай Маркі ўвайшоў у Гданьскае Памор’е, аблажыў заняты польскімі войскамі Тухаль, але пацярпеў паражэнне пад Карановам і трапіў у палон. Вызвалены ў 1411 і прызначаны вял. маршалам ордэна. Быў у апазіцыі вял. магістру ордэна Генрыху Ройзу фон Плаўэну, які выношваў наступальныя планы ў адносінах да Польшчы і ВКЛ. У 1413 М.К. прызначаны камандуючым ордэнскімі войскамі, што павінны былі ўдарыць па Польшчы, аднак адмовіўся выконваць загад аб панадзе. Арганізаваў дзярж.пераварот, у выніку якога захапіў уладу ў Тэўтонскім ордэне. Генеральны капітул ордэна ў Мальбарку ў 1414 абраў М.К. вял. магістрам. Мірныя перагаворы М.К. з Польшчай і ВКЛ скончыліся няўдачай, і ў 1414 польска-літвінскія войскі ўторгліся ў Прусію і разарылі вял. тэрыторыі. Паход скончыўся перамір’ем, а пытанне заключэння трывалага міру было пакінута на разгляд Канстанцкага сабора 1414—18. Аднак мір не быў заключаны ў час усяго панавання М.К. У ордэне адбываўся гаспадарчы застой, расла інфляцыя. Пад ціскам апазіцыі 10.3.1422 М.К. пакінуў пасаду вял. магістра, і хутка пачалася новая вайна з Польшчай. М.К. памёр у Гданьску як просты рыцар Тэўтонскага ордэна.

© Валерый Пазднякоў, 2010

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.