Артыкулы: «Архіў Паўднёва-Заходняй Расіі»
«Архіў Паўднёва-Заходняй Расіі» («Архив Юго-Западной России, издаваемый Комиссией для разбора древних актов, состоящей при киевском, подольском и волынском генерал-губернаторе»), выданне гіст. дакументаў і літаратурных помнікаў 14—18 ст. пераважна Правабярэжнай і Зах. Украіны, часткова Беларусі. Выдадзена ў Кіеве ў 1859—1914 у 35 тамах (падзяляецца на 8 частак). У выданні ўдзельнічалі У.Б.Антановіч, М.Дз.Іванішаў, І.М.Каманін, А.І.Лявіцкі, М.Ф.Уладзімірскі-Буданаў і інш. Частка 1 (12 т.) уключае дакументы 14—18 ст. па гісторыі правасл. царквы і яе ўзаемадачыненнях з каталіцкай: каралеўскія прывілеі, папскія булы, патрыяршыя граматы, акты правасл. і уніяцкіх сабораў, правасл. брацтваў, цэркваў і манастыроў, у т.л. слуцкіх; дакументы пра падпарадкаванне кіеўскага мітрапаліта маскоўскаму патрыярху (т. 5), пра заключэнне і распаўсюджанне царкоўнай уніі ў Рэчы Паспалітай (т. 6); помнікі літаратурнай палемікі католікаў, уніятаў і праваслаўных (т. 7—9). Частка 2 (3 т.) — пастановы мясц. соймікаў, інструкцыі паслам на сойм, адказы караля на просьбы шляхты за 1596—1726. Частка 3 (6 т.) — дакументы пра казакоў, Налівайкі паўстанне 1595—96 , казацкія рэйды па Украіне і Беларусі ў 16—17 ст. (у т.л. пра напады на маёнткі епіскапа К.Цярлецкага ў Пінскім пав. ў 1596, на Брагінскі замак у 1606, на маёнткі кн. Л.Саламярэцкага ў Пінскім пав. ў 1613), пра антыфеад. і нац.-вызв. вайну ўкр. народа 1648—54, антыфеад. вайну 1648—51 на Беларусі, гайдамацкі рух, пра дыпламат. зносіны гетманскага ўрада з Расіяй, Польшчай і інш. дзяржавамі 1679—1716. Частка 4 (1 т.) — дакументы пра паходжанне шляхецкіх родаў 1443—1780. Частка 5 (2 т.) — дакументы па гісторыі гарадоў 1432—1798 і стан яўрэйскага насельніцтва 1765—91. Частка 6 (3 т.) — дакументы пра эканам. і прававое становішча сялян 1498—1795, у т.л. ўстава гаспадарскіх двароў Віленскага і Троцкага ваяв. 1542, устаўная грамата сялянам Віцебскага фарнага касцёла 1547, «Устава на валокі» ва ўладаннях каралевы Боны 1552. Прывілей Жыгімонта Аўгуста кн. А.Ф.Чартарыйскаму на заснаванне мястэчак ў Сталавічах і Хінічах 1561. Частка 7 (3 т.) — вопісы замкаў, люстрацыі старастваў, інвентары ўладанняў, скаргі, данясенні мясц. адміністрацыі 15—18 ст., у т.л. інвентар Мазырскага замка і воласці 1552. Частка 8 (6 т.) — дакументы па гісторыі мясц. кіравання, саслоўяў, права, судаводства 15—18 ст., у т.л. прывілеі на Сталавічы пану Няміру Разанавічу 1452, кн. Ф.Чартарыйскаму на маёнткі ў Новагародскім пав. 1530, кн. А.М.Вішнявецкаму на Рэчыцкую вол. 1532, дакументы пра Мазырскую вол. 16 ст., рэвізія Мазырскага стараства 1560. Кожнаму тому папярэднічае прадмова з аналізам дакументаў, ёсць імянныя і геагр. паказальнікі. Выданне мае вял. навук. каштоўнасць для вывучэння гісторыі Украіны і Беларусі 14—18 ст.
Літаратура:
Сведения о деятельности Киевской комиссии для разбора древних актов // Сб. статей и материалов по истории Юго-Западной России. Киев, 1911. Вып. 1;
Журба О.І. Київська археографічна комісія: Нарис історії і діяльності. Київ, 1993.
© Валерый Пазднякоў, 2005
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


