Артыкулы: Міштальт Антоні Алойзі
Міштальт Антоні Алойзі (28.5.1685, Новагародскае ваяв.—25.11.1740), дзеяч каталіцкай царквы, педагог, гісторык. З шляхецкага роду герба «Любіч», сын Крыштофа Міштальта, падчашага вендэнскага. Вучыўся ў Новагародскім езуіцкім калегіуме. У 1700 уступіў у Вільні ў ордэн езуітаў. Вывучаў рыторыку ў Нясвіжы, філасофію ў Вільні (1703—06), граматыку, паэтыку, рыторыку ў Нясвіжы, Ломжы, Гародні (1706—09), філасофію ў Вільні (1710—14). З 1713 ксёндз. У 1715—21 прафесар паэтыкі і рыторыкі ў Гародні і Слуцку, логікі ў Пінску, філасофіі ў Гародні. У Віленскай акадэміі атрымаў ступені магістра вызваленых мастацтваў і філасофіі (да 1723), д-ра філасофіі (1724), д-р тэалогіі (1730). У 1721—25 прафесар логікі, фізікі, матэматыкі, этыкі, схаластычнай тэалогіі ў Віленскай акадэміі. У 1726—31 рэктар Новагародскага калегіума, у 1731—35 — Полацкай гімназіі, у 1735—38 — Нясвіжскага дома 3-й прабацыі, з 1738 — Віцебскага калегіума. У 1733 заклаў у Полацку новы каменны езуіцкі касцёл. Выдаў на лац. мове кнігу «Гісторыя святлейшага дому Сапегаў» («Historia Illustrissimae Domus Sapiehanae», Вільня, 1724), прысвечаную Антонію Казіміру Сапезе і заснаваную на працах Войцеха Каяловіча, Марціна Бельскага, Марціна Кромера, Мацея Стрыйкоўскага, Барташа Папроцкага, Пятра Пясецкага, Шымана Акольскага, Шымана Старавольскага і інш. гісторыкаў. Выводзіў род Сапегаў ад вял. князя літоўскага Гедзіміна, пералічыў рэлігійныя фундушы Сапегаў. Твор М. цалкам перадрукаваны Янам Астроўскім-Данейкавічам у 2-ім томе зборніка «Пераканальная лаціна» («Svada Latina», Люблін, 1747).
© Валерый Пазднякоў, 2010
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


