Артыкулы: Младзяноўскі Андрэй

Младзяноўскі Андрэй (30.11.1627, Ковенскі пав.—10.1.1686), дзеяч каталіцкай царквы, педагог, пісьменнік-лацініст. З шляхецкага роду герба «Дамброва», сын Войцеха Младзяноўскага, уладальніка маёнтка Лінкава каля Коўна. Вучыўся ў Ковенскім езуіцкім калегтуме. У 1642 уступіў у Вільні ў ордэн езуітаў. У 1644—46 вучыўся ў Віленскай акадэміі, у 1646—49 — у Пінскім калегіуме. У 1649—51 выкладаў у Коўне і Оршы. З 1651 вывучаў тэалогію ў Вільні. У сувязі з вайной Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 у 1655 з’ехаў у Чэхію, у 1655—56 вучыўся ў Оламаўцы, з 1656 ксёндз. Спаведнік палякаў і праф. сінтаксіса ў Вроцлаве (1656—57), праф. паэтыкі ў Опаве(1657—58), праф. рыторыкі ў Свідніцы (1659—60), праф. рыторыкі і прэфект школы ў Коўне (1660—61) і Крожах (1661—62), прэфект школы ў Крожах (1668—71), праф. рыторыкі для клірыкаў-езуітаў у Полацку (1672—74) і Нявіжы (1674—75), праф. тэалогіі ў Нясвіжы (1675—76), суперыёр у Коўне (1676—78, 1680—83), прэфект школы ў Крожах (1678—79), намеснік магістра навіцыята ў Вільні. Здольны лац. паэт, М. выконваў ролю афіцыйнага панегірыста ордэна езуітаў. Сярод яго твораў панегірык у гонар заняцця Казімірам Пацам жамойцкага біскупства «Айчыннага Жамойцкага княства ўпрыгожанні, у ганар Казіміра Паца» («Domestica Samogitiae Ducatus ornamenta, in venerationem decorum... Casimiri Pac», Мітава, 1668), панегірык у гонар Міхала Паца «Ваенная дапамога ад польскіх і літоўских родаў абарончых» («Suppetiae militares ex Divis Polonae Lituanaeque gentis Tutelaribus», Вільня, 1671), панегірык у гонар заняцця Казімірам Янам Сапегам пасады ваяводы «Прадказанні грамадскіх надзей пана Казіміра Яна Сапегі» («Auguria spei publicae D. Casimiro Joanni Sapieha», Вільня, 1673), прысвечанага пакутам і цнотам блажэнага Іасафата Кунцэвіча твора «Сімвалічныя выявы жыцця і смерці блажэнага пакутніка Іасафата, архіепіскапа полацкага» («Icones Symbolicae vitae et mortis B. Josaphat martyris archiepiscopi Polocensis», Вільня, 1675). Аўтар школьных драм, у 1669 у Крожскім калегіуме пастаўлена яго драма «Пра Трэбелія, сына балгарскага караля» («De Trebelii Bulgariae regis filio»). Аўтар рукапіснага твора «Трактат маральнай тэалогіі. Пра таінствы» («Tractatus theologiae moralis. De sacramentis»).

Літаратура:

Okoń J. Dramat i teatr szkolny: Sceny jezuickie XVII wieku. Wrocław etc., 1970.

© Валерый Пазднякоў, 2010

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.