Артыкулы: Младоўскі (Струсь-Младоўскі) Антанін
Младоўскі (Струсь-Младоўскі) Антанін (свецкае Адам; 15.8.1724, Валынь—12.7.1778), дзеяч уніяцкай царквы. З шляхецкага роду герба «Мурдэліа». Нарадзіўся ў каталіцкай сям’і. Падлеткам уступіў у ордэн базыльянаў (Літоўскай правінцыі). У 1740—43(45?) вывучаў тэалогію і філасофію ў Грэчаскім калегіуме ў Рыме. Магчыма, атрымаў ступень д-ра тэалогіі. З 1747 (?) святар, прафесар і прапаведнік у базыльянскіх манастырах (у 1749 прафесар філасофіі і прэфект школы ў Жыровічах). У 1751 прызначаны мітрапалітам Фларыянам Грабніцкім на пасаду вікарыя і генеральнага афіцыяла мітрапаліцкай архіепархіі (займаў яе да 1762), адначасова з 1751 архімандрыт полацкі (загадваў Полацкім Барысаглебскім манастыром, які трымаў да 1766—68). Па даручэнні мітрапаліта бараніў інтарэсы уніяцкай царквы на соймах Рэчы Паспалітай. У 1761 перадаў каралю польскаму і вял. князю літоўскаму Аўгусту ІІІ 60 тыс. злотых за згоду на абнародванне папскага дакрэта, што забараняў уніятам пераходзіць на лац. абрад. У 1758 епіскап пінскі і тураўскі Юрый Булгак прызначыў М. сваім каад’ютарам (памочнікам), саступіўшы яму пасаду архімандрыта Супрасльскага манастыра (М. займаў яе да смерці). У 1761 Грабніцкі пасвяціў М. як епіскапа-каад’ютара пінскага з правам наступства і тытулам епіскапа тураўскага. М. удзельнічаў у кангрэгацыі уніяцкіх іерархаў у Новагародку ў 1761, узначальваў камісію, якая ў 1765 выпрацавала праект пастановы сабора уніякай царквы Рэчы Паспалітай, што прадугледжваў шэраг рэформаў, аднак сабор скліканы не быў. У 1764 мітрапаліт Феліцыян Валадковіч прызначыў М. сваім кад’ютарам з правам наступства на пасаду епіскапа уладзімірскага і берасцейскага. У выніку гэтага ў 1765 М. афіцыйна адмовіўся ад тытула епіскапа-каад’ютара пінскага і епіскапа тураўскага і атрымаў тытул епіскапа берасцейскага. М. падтрымліваў кантакты з праваслаўным архіепіскапам Георгіем Каніскім, якому, быццам, паведамляў пра гатоўнасць уніятаў прыняць праваслаўе. У 1767 мітрапаліт Валадковіч прызначыў М. генеральным адміністратарам Уладзімірска-Берасцейскай епархіі, а папа Клімент ХІІІ — яе апостальскім адміністратарам. З боку Валадковіча гэта быў вымушаны крок, і ў наступныя гады мітрапаліт вёў змаганне з М. (часам з выкарыстаннем узброенай сілы) за права карыстацца даходамі з гэтай епархіі. У 1772 паміж Валадковічам і М. заключана пагадненне, на моцы каторага М. атрымаў поўную юрысдыкцыю над Уладзіміра-Берасцейскай епархіяй, а пасля смерці Валадковіча (13.2.1778) стаў і фармальна уладзіміра-берасцейскім епіскапам. У сувязі з сялянскімі і казацкімі хваляваннямі на Украіне М. разам з уніяцкімі епіскапамі Львом Шаптыцкім і Сільвестрам Любянецкім выступіў з пратэстам супраць абвінавачванняў уніяцкага духавенства ў падбухторванні насельніцтва да бунтаў. М. ініцыіраваў стварэнне ў 1775 капітула пры Берасцейскім кафедральным саборы.
© Валерый Пазднякоў, 2010
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


