Артыкулы: Млечкі
Млечкі, шляхецкі род герба «Даліва» змененая («Ружы»). Паходзілі з Жамойці. Найб. вядомыя:
Ян Войцехавіч (?—1588), пісар земскі ўпіцкі ў 1566—80, суддзя земскі віленскі з 1580.
Андрэй (?—да 3.12.1622), сын Яна Войцехавіча, суддзі земскага Віленскага ваяв., падстарасты жамойцкага. Вызнаваў кальвінізм. Дваранін каралеўскі ў 1597, упіцкі войскі ў 1600—08, суддзя земскі з 1608. У 1612 упіцкі соймік абраў Андрэя на працу ў Вільні па карэктуры законаў і зверку кніг Метрыкі ВКЛ. Сойм 1613 уключыў яго ў склад камісіі па разглядзе памежных спрэчак Упіцкага пав. і Курляндыі. У 1616 прызначаны ў склад камісіі па разглядзе спрэчак паміж курляндскімі герцагамі і іх падданымі, праца камісіі скончылася выданнем у 1617 дакументаў, якія рэгулявалі лад праўлення ў Курляндыі. Валодаў маёнткамі Сурвілішкі, Памушы, Параві, Мілейкішкі, Вадоклі ва Упіцкім пав., Таўтыкунцы ў Жамойці, Кумпінкі (Суботнікі) у Вількамірскім пав. і інш. Яго жонка Ганна Сямёнаўна Шыш-Ставецкая пабудавала мураваную правасл. царкву Зыходу Св. Духа і манастыр у сваім маёнтку Сурдэгі ў Вількамірскім пав.
Ян (?—пач. 1631), сын Яна Войцехавіча. Вызнаваў кальвінізм. Стольнік упіцкі ў 1592—13, жамойцкі пісар земскі з 1604, суддзя земскі з 1614. Паводле пастаноў соймаў 1613 і 1616 уваходзіў у склад камісіі па разглядзе памежных спрэчак Упіцкага пав. і Курляндыі. Абраны паслом на 1-ы сойм 1626, на якім прызначаны ў Скарбовы трыбунал ВКЛ.
Мікалай (?—крас. 1644), сын Яна Войцехавіча. Аршанскі харужы ў 1610—27, падкаморы з 1627. Служыў канцлеру Льву Сапезе, які, стаўшы ў 1623 віленскім ваяводам, узяў Мікалая да сябе на пасаду падваяводы (1623—28). Валодаў маёнткам Сурдэгі ў Вількамірскім пав., з 1620 — маёнткам Халопенічы ў Аршанскім пав. Да пач. 1640-х г. заснаваў у Халопенічах касцёл і кляштар кармелітаў.
Віктар Канстанцін (Віктарын Канстанцін; ?—да 23.6.1679), сын Яна. Спачатку вызнаваў кальвінізм, пасля перайшоў у каталіцтва. Служыў пры двары Уладзіслава IV, струкчашы каралеўскі ў 1643, жамойсцкі падстараста з 1643, падсудак земскі з 1645, суддзя з 1652, стараста з 1670. Пасол на соймы 1648, 1649. Падпісаў акт Кейданскай уніі 1655 са Швецыяй. У 1656 далучыўся да антышведскага паўстання ў Жамойці, пад Біржамі абраны генеральным палкоўнікам жамойцкага паспалітага рушэння, асабіста камандаваў гусарскай харугвай. Абраны паслом на соймы 1658, 1661(на іх прызначаны ў Скарбовы трыбунал ВКЛ), 1667, 1668, 1669, 1670. Падтрымліваў групоўку Пацаў. Валодаў маёнткамі ў Жамойці, Халопенічамі ў Аршанскім пав.
Літаратура:
Żychliński T. Złota księga szlachty polskiej. R. 1—2. W Poznaniu, 1879—80;
Mleczko S. Mleczko, Raczko, Saczko i Łyczko // Miesięcznik Heraldyczny. 1912. № 7—12;
Брэгер Г. Хацюхова: Гісторыя невялікага паселішча. Мінск, 2001.
© Валерый Пазднякоў, 2010
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


