Артыкулы: Млоцкі Андрэй

Млоцкі Андрэй (каля 1570—пасля 1636), дзяржаўны і ваенны дзеяч. З шляхецкага роду герба «Праўдзіц», сын Мацея, дзядзька Яна Караля Млоцкага. У 1580-х г. удзельнічаў у Інфлянцкай вайне 1558—83. Пасля ваяваў у Інфлянтах у час вайны Рэчы Паспалітай са Швецыяй 1600—29, удзельнічаў у пераможнай Кірхгольмскай бітве 1605 як паручнік гусарскай роты. У 1606 далучыўся да вайсковай канфедэрацыі, якая патрабавала ад караля выплаты жолду. У 1608—10 ваяваў у Расіі на баку Лжэдзмітрыя ІІ на чале гусарскай і казацкай рот (300 чал.). 25.6.1609 войска М. разбіла пад Каломнай атрады Пракопа Ляпунова. У пач. 1610 перайшоў на бок караля Жыгімонта ІІІ, які вёў аблогу Смаленска, у чэрв. 1610 перайшоў пад камандаванне гетмана Станіслава Жулкеўскага. Удзельнічаў у пераможнай Клушынскай бітве 1610, пасля заняцця Масквы ўстанавіў кантроль над Белым Горадам. У Маскве вёў шматлікія баі. Знаходзіўся там да жн. 1612, пасля адышоў з войскамі Яна Караля Хадкевіча. У ліст. 1612 удзельнічаў у паходзе на Маскву Жыгімонта ІІІ. У пач. 1613 М., відаць, удзельнічаў у стварэнні канфедэрацыі ў войску Хадкевіча, якая патрабавала выплаты жолду. З 1607 атрымліваў штогод 8 тыс. злотых з Хельмецкага стараства ў Інфлянтах, пасля яго заняцця шведамі атрымаў Аршанскае стараства, дзе актыўна займаўся гаспадаркай. Абраны паслом ад Аршанскага пав. на сойм 1629. У 1636 заснаваў Аршанскі кляштар бернардзінцаў.

© Валерый Пазднякоў, 2010

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.