Артыкулы: млын

млын, вытворчая пабудова для памолу зерня. Прыводзіўся ў рух энергіяй вады (вадзяны М.), ветру (вятрак), цяглавай сілай жывёл (валовы М.) і інш. Асн. рабочы орган — пастаў з 2 камянёў з вертыкальнай воссю вярчэння (ніжні камень нерухомы). З часоў Кіеўскай Русі на тэр. Беларусі бытавалі вадзяныя М., якія значна пашырыліся ў 16—18 ст.; будаваліся на рэках, праточных азёрах. Падзяляліся на М. з верхнім боем (кола прыводзілася ў рух сілай падаючай вады) і з ніжнім боем (кола прыводзілася ў рух хуткай плынню вады). Апошнія маглі быць наплаўныя (стаялі на рэчцы на палях або пароме, маглі перамяшчацца). Традыпыйнае збудаванне М. — зрубная, радзей каркасная прамавугольная ў плане пабудова на некалькі паверхаў, накрытая 2- або шматсхільным дахам з драніцы, гонты, саломы. Некаторыя М. будавалі ў тэхніцы «прускага муру» (фахверк). У 16—18 ст. у буйных гарадах М. часам выкарыстоўвалі для падачы вады ў замак (Берасце), абсталёўвалі абарончымі прыстасаваннямі (Віцебск). У 18 ст. буйныя М., акрамя вытворчых памяшканняў, мелі жыллё, каморы, крамы. Вятракі ў ВКЛ вядомы з 16 ст. Складаліся з 2 асн. частак: нерухомай асновы і паваротнай часткі з крыламі, якую можна было развярнуць на вецер. У 1777 у Берасцейскім старастве існавалі 34 ветракі. Валовы М. вядомы з 18 ст. Гэта быў прамавугольны або квадратны ў плане будынак, накрыты 2-схільным ці вальмавым дахам. Пад вагой вала паступальны рух кола (было насаджана на тоўсты нахілены да вертыкалі дубовы вал) ператвараўся з дапамогай шасцерневых перадач у вярчальны рух верхняга каменя пастава (в. Соша пад Драгічынам, Радзівілімонты пад Клецкам). Вадзяныя колы, як на М., выкарыстоўваліся для вытворчасці крупы, апрацоўкі сыравіны для прыгатавання паперы (паперні), сукна (гл. Фолюш), распілоўкі лесаматэрыялаў (тартакі).

Літаратура:

Мінько Л.І. Млыны // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1972. № 2;

Baranowski B. Polskie młynarstwo. Wrocław etc., 1977;

Якімовіч Ю.А. Драўлянае дойлідства Беларускага Палесся. Мн., 1978;

Трацевский В.В. История архитектуры народного жилища Белоруссии. Мн., 1989;

Локотко А.И. Белорусское народное зодчество: Середина ХІХ—ХХ в. Мн., 1991;

Яго ж. Нацыянальныя рысы беларускай архітэктуры. Мн., 1999;

Сергачев С.А. Белорусское народное зодчество. Мн., 1992.

© Валерый Пазднякоў, 2010

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.