Артыкулы: Мнiшкi
Мнiшкi (Вандаліны-Мнішкі), шляхецкi род уласнага герба ў Рэчы Паспалiтай. Паходзiлi з Чэхii, у 16 ст. асталявалiся ў Польшчы. З 17 ст. лiчылi сваiм продкам военачальнiка Карла Вялiкага Вандалiна, iмя якога стала прыдомкам. Найб. вядомыя:
Ежы (Юрый; каля 1548—май 1613), дзярж. дзеяч Польшчы. Вучыўся ва ун-тах Караляўца (Кёнiгсберга) i Лейпцыга. У 1571—72 кухмiстр Жыгiмонта II Аўгуста, яго давераная асоба, крайчы каронны ў 1572—82, кашталян радамскi ў 1582—89, ваявода сандамiрскi з 1589. Удзельнiчаў у Інфлянцкай вайне 1558—82. У 1604 у яго рэзiдэнцыi ў Самбары быў праездам Iлжэдзмiтрый I. Ежы заключыў з iм дагавор i абяцаў ваенную дапамогу ў здабычы маскоўскага трона, Iлжэдзмiтрый абавязваўся ажанiцца з дачкой Ежы Марынай i выплацiць цесцю 1 млн. злотых. У 1604 атрад Ежы разбiў рас. войска пад Ноўгарадам-Северскiм i садзейнiчаў захопу Лжэдзмiтрыем Масквы. 12.5.1606 Ежы разам з дачкой прыбыў у Маскву, але пасля забойства самазванца сасланы ў Яраслаўль. Вызвалены ў 1608, падтрымаў Iлжэдзмiтрыя II. На соймах 1609 i 1611 выступаў супраць iнтэрвенцыi Жыгiмонта III у Расiю, каб захаваць маскоўскi трон за сваёй дачкой, а не аддаць яго каралевiчу Уладзiславу.
Марына (1588 або 1589—1614), дачка Ежы. У 1604 сасватана ў Самбары за Лжэдзмiтрыя I. Завочны шлюб з iм адбыўся ў Кракаве 22.11.1605, другi шлюб i яе каранацыя як царыцы — у Маскве 18.5.1606. Пасля забойства самазванца саслана ў Яраслаўль, у 1608 вызвалена, але далучылася да Лжэдзмiтрыя II, якога прызнала за ранейшага мужа. Пасля забойства Лжэдзмiтрыя II зняволена, нарадзiла ад яго сына Iвана. «Царэвiч» стаў сцягам 1-га апалчэння пад камандаваннем Пракопа Ляпунова i Iвана Заруцкага. У 1614 схоплена войскамi цара Мiхаiла Фёдаравiча i памерла ў зняволеннi.
Юзаф (1670—25.6.1747), стараста санацкi з 1691. Праз шлюб з дачкой мечнiка ВКЛ Ш.К.Агiнскага Элеанорай уцягнуты ў вайну шляхты ВКЛ супраць Сапегаў; удзельнiчаў у Алькенiцкай бiтве 1700. Пасля гiбелi М.Сапегi атрымаў пасаду генерала артылерыi ВКЛ. У 1704 далучыўся да Сандамiрскай канфедэрацыi. Маршалак надворны ВКЛ у 1706—13, маршалак вял. каронны ў 1713—42, кашталян кракаўскi з 1742. Адзiн з буйнейшых магнатаў Рэчы Паспалiтай, на Гарадзеншчыне валодаў Рудавай i Вял. Бераставiцай, дзе заснаваў францысканскi кляштар. Мецэнат.
Ежы Аўгуст (1715—15.10.1778), сын Юзафа. Лоўчы каронны ў 1732—36, падкаморы ВКЛ у 1736—42, маршалак надворны каронны ў 1742—67, стараста генеральны велiкапольскi ў 1757—78, кашталян кракаўскi з 1773. Валодаў шматлiкiмi стараствамi у т.л. з 1760 Крычаўскiм. У палiт. жыццi падтрымлiваў Аўгуста III, далучыўся да Радамскай канфедэрацыi.
Ян Кароль (1716—19.9.1759), сын Юзафа. Лоўчы каронны ў 1736—42, падкаморы ВКЛ з 1742. Трымаў шматлiкiя стараствы.
Мiхал Ежы (1742—2.3.1806), сын Яна Караля. Вучыўся ў Варшаве, Швейцарыi, вандраваў па краiнах Еўропы. Чашнiк каронны ў 1777—78, сакратар вял. свецкi ВКЛ у 1778—81, маршалак надворны ВКЛ у 1781—83, маршалак вял. каронны ў 1783—93, стараста слонiмскi. Прыблiжаны караля Станiслава Аўгуста Панятоўскага. Прыхiльнiк iдэй Асветнiцтва, распрацаваў праект акадэмii навук i нац. музея. Чл. Т-ва элементарных кнiг, Адукацыйнай камiсii. У 1780—81 сакратар дэпартамента замежных iнтарэсаў Пастаяннай Рады, у 1782—86 старшыня дэпартамента палiцыi. Выступаў за правядзенне рэформ у Рэчы Паспалiтай з апорай на Расiю, за далучэнне караля да Таргавiцкай канфедэрацыi. На Гарадзенскiм сойме 1792 адмовiўся падпiсаць акты пра падзел Рэчы Паспалiтай i падаў у адстаўку. Пасля адрачэння Панятоўскага ад трона ў Гародні суправаджаў яго ў Пецярбургу.
© Валерый Пазднякоў, 2006
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


