Артыкулы: Мовіус Каспер
Мовіус Каспер (?, г. Пархім каля Мекленбурга—крас. 1639), дзеяч лютэранскай царквы, педагог, пісьменнік. З 1607 вучыўся ва ун-це Ростака, атрымаў там ступень магістра філасофіі (1615). У 1617—18 конрэктар кафедральнай школы ў Караляўцы. У 1618—32 пастар лютэранскага збора ў Коўне. З 1624 удзельнічаў у вострай тэалагічнай спрэчцы наконт таінства хрышчэння, выдаў кнігу «Пра сакрамент хрышчэння» («Desacramentobaptismi», Каралявец, 1624). У 1632 пазбаўлены парафіі ў Коўне пад прэтэкстам дрэнных адносін з парафіянамі. Прыбыў у Каралявец, дзе арыштаваны па абвінавачванні ў незаконным карыстанні ступенню ліцэнцыята тэалогіі і абразе прафесара Каралявецкага ун-та Цэлестына Мысленты. Хутка быў вызвалены, але ў 1634 апублікаваў у Торуні кнігу «Апалогія», дзе зноў востра раскрытыкаваў каралявецкіх тэолагаў. Справа дайшла да каралеўскага суда, які засядаў у 1639 у Вільні. У час яго правядзення М. памёр.
© Валерый Пазднякоў, 2010
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


