Артыкулы: Морштын Шчэнсны
Морштын Шчэнсны (Фелікс, першапачатковае імя Фаўст; каля 1631—27.4.1687), дзяржаўны і пратэстанцкі дзеяч, дыпламат. З шляхецкага роду герба «Ляліва», стрыечны брат З.Морштына. Арыянскі сінод у 1646 уключыў М. ў склад стыпендыянтаў, а ў 1650 накіраваў яго ў Гданьск як памочніка прапаведніка. У 1652 яму вылучана 100 талераў на навуку, і М. паступіў у гімназію ў Эльблёнгу, а ў 1654 — ва ун-т у Лейдэне. Вярнуўся ў 1660, паступіў на службу да князя Багуслава Радзівіла, у якога ўжо служыў Збігнеў Морштын. Працаваў у радзівілаўскай канцылярыі ў Караляўцы. У 1661 перайшоў з арыянства ў кальвінізм, атрымаў урад падканюшага ВКЛ. У 1662 і 1663 выязджаў у Львоў на каралеўскі двор па маёнткавых і вайсковых справах Радзівіла, а ў 1666 — у Гданьск. У 1663 атрымаў у арэнду ад Радзівіла фальварак Беласточак каля Заблудава. З 1670 войт г. Бранск на Падляшшы. У 1670 і 1673 пасол ад караля польскага і вял. князя літоўскага Міхала Вішнявецкага да брандэнбургскага курфюрста. У 1676 пасол да курфюрста ад Радзівілаў па справе Людвікі Караліны Радзівіл (курфюрст быў яе апекуном). Удзельнічаў у абранні на трон Рэчы Паспалітай у 1674 Яна ІІІ Сабескага. У 1677 дамогся ад яго прывілея на вольнае вызнанне пратэстантызму ў ВКЛ. У 1679 пасланы Янам ІІІ Сабескім у Англію, Галандыю і Швецыю з даручэннем заключыць антытурэцкі саюз, чаго, аднак, не здолеў дамагчыся. Дзейнасць М., накіраваная на абарону пратэстанцкіх цэркваў у Рэчы Паспалітай, у значнай ступені садзейнічала падтрыманню ў краіне рэлігійнай талерантнасці.
© Валерый Пазднякоў, 2010
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


