Артыкулы: Мундзіус Лукаш
Мундзіус Лукаш (?—пасля 1578), гарадскі і пратэстанцкі дзеяч. Сын віленскага мешчаніна Марціна. Прыкладна з 1551 М. быў членам гарадской рады Вільні. Ад авантурыста Якуба Гераклідэса Базылікаса, «дэспата» астравоў Самас і Паксі, атрымаў ступень доктара права. У пач. 1560-х г. М., займаючы пасаду бурмістра, знаходзіўся ў вострым канфлікце з віленскім войтам Аўгусцінам Ратундусам і некаторымі членамі Віленскай рады. Ратундуса М. абвінавачваў у выданні судовых выракаў без уліку думкі гарадской рады. М. апеліраваў да караля польскага і вял. князя літоўскага Жыгімонта ІІ Аўгуста, аднак той прыняў бок Ратундуса, і М. быў выведзены са складу рады, пасля зняволены, а на яго маёмасць накладзены секвестр. М. быў вызвалены дзякуючы ўмяшальніцтву Мікалая Радзівіла Чорнага. М. безвынікова дамагаўся пачаць судовы працэс супраць сваіх ворагаў у велікакняжацкай канцылярыі, а пасля звярнуўся па дапамогу да прускага герцага Альбрэхта. У 1563 атрымаў падтрымку ад імператара Свяшчэннай Рымскай імперыі Фердынанда І і чэшскага караля Максіміляна. Іх лісты, аднак, не дапамаглі М., як і наступны ліст Альбрэхта ў 1565. М. вызнаваў лютэранства, пасля перайшоў у лагер антытрынітарыяў, удзельнічаў у арыянскім сінодзе ў Ракаве ў 1569. У 1578 М. разам з жонкай арыштаваны ў Вільні, а яго маёмасць перададзена крэдыторам. М. безвынікова прасіў пра заступніцтва караля польскага і вял. князя літоўскага Стафана Баторыя. Далейшы яго лёс невядомы.
© Валерый Пазднякоў, 2010
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


