Артыкулы: Мухлінскі Антон Восіпавіч
Мухлінскі Антон Восіпавіч [1808, в. Саснова Навагрудскага пав.—13(25).10.1877], беларускі усходазнавец, гісторык, фалькларыст. З сям’і дробнага шляхціца. Скончыў павятовую школу пры кляштары трынітарыяў у Маладзечне. Каля 1822 паступіў у Віленскі ун-т, які скончыў у 1826 або 1827 са ступенню кандыдата юрыспрудэнцыі. Пасля вучыўся ў Пецярбургскім ун-це і Усходнім ін-це пры міністэрстве замежных спраў. У 1832 здзейсніў першае падарожжа ў Стамбул, у 1834—35 — у Егіпет, пасля неаднаразова вандраваў па Зах. Еўропе, у 1868 ездзеіў на Блізкі Усход, у 1869 — у Егіпет. З 1835 ад’юнкт Пецярбургскага ун-та, выкладаў арабскую мову, з 1839 экстраардынарны праф. кафедры асманскай філалогіі, выкладаў турэцкую мову, гісторыю і геаграфію. У 1845—49 працаваў у Гал. б-цы Варшаўскага ун-та. Пасля да 1866 у Пецярбургскім ун-це, з 1853 ардынарны прафесар, з 1859 дэкан ф-та ўсх. моў. З яго кнігі «Даследаванне пра паходжанне і стан літоўскіх татараў» («Исследование о происхождении и состоянии литовских татар», С.-Петербург, 1857; 2 выд. Мн., 1993) пачалося вывучэнне бел. тэкстаў, напісаных арабскім пісьмом, урыўкі з якіх, у т.л. з кітабаў, М. ўпершыню транслітараваў. На падставе выяўленых ім у Публічнай б-цы ў Пецярбургу дакументаў ажыццявіў выданне «Лісты Уладзіслава IV да Крыштофа Радзівіла, польнага гетмана В.К.Літоўскага, напісаныя ў 1612—1632» («Listy Władysława IV do Krzysztofa Radzwiła hetmana polnego W.X.Litewskiego pisane 1612—1632 roku z autografów Biblioteki Cesarskiej w Petersburgu», Кракаў, 1867).
Творы:
Праздники, забавы, предрассудки и суеверные обряды простого народа в Новогрудском повете Литовско-Гродненской губернии // Вестник Европы. 1830. № 14—16;
Materiały do dziejów Kościoła polskiego z języków wschodnich // Pamiętnik religijno-moralny. 1857. T. 32—33; 1858. T. 1—2; 1860. T. 6; 1862. T. 9;
Zdanie sprawy o Tatarach litewskich... w r. 1858 // Teka Wileńska. 1858. № 4—6;
Źródłosłownik wyrazów, które przeszły ... do naszej mowy z języków wschodnich. Peterbugr, 1858.
Літаратура:
Kotwicz W., Kotwiczówa M. Orientalista Antoni Muchliński: Życie i dzieła. Wilno, 1935;
Stanisz T. Antoni Muchliński, orientalista polski // Rocznik Tatarski. 1935. R. 2;
Крачковский И.Ю. Очерки по истории русской арабистики. М.; Л., 1950;
Каханоўскі Г.А., Малаш Л.А., Цвірка К.А. Беларуская фалькларыстыка: Эпоха феадалізму. Мн., 1989.
© Валерый Пазднякоў, 2006
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


