Артыкулы: Мышэцкі (Мышецкий) Даніла Яфімавіч

Мышэцкі (Мышецкий) Даніла Яфімавіч (1608—10.12.1661), расийскі дзяржаўны і ваенны дзеяч. З чарнігаўскай лініі Рурыкавічаў. Служыў пры царскім двары. У 1633—40 страпчы, у 1641—43, 1658—60 стольнік. У 1641—43 удзельнічаў у пасольстве ў Грузію, у 1646 — пасольстве Васіля Іванавіча Стрэшнева ў ВКЛ, у 1652 — у пасольстве ў Персію. У 1656—57 наведаў Курляндыю, Брандэнбург і двойчы Данію для стварэння саюза супраць шведскага караля Карла V. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 у 1659 прызначаны ваяводам у акупаваную Вільню. Праводзіў на землях ВКЛ жорсткую палітыку з пазіцыі сілы. У 1660 падрыхтаваў Вільню для аблогі, спаліўшы яе ваколіцы, дзе маглі б укрыцца войскі Рэчы Паспалітай. У пач. 1660 войска М. ўкрылася ў Віленскім замку, дзе вытрымала некалькі штурмаў. 3.12.1661 салдаты М., змучаныя працяглай аблогай, звязалі ваяводу і выдалі праціўніку. 8.12.1661 па загаду караля польскага і вял. князя літоўскага Яна ІІ Казіміра адбыўся суд над М., на якім ён быў прыгавораны да смяротнага пакарання за шматлікія забойствы віленцаў. Быў абезгалоўлены ў Вільні, дзе пахаваны ў Святадухаўскім манастыры.

Літаратура:

Памятники русской старины в западных губерниях. Вып. 6. Вильна, 1874;

Касажэцкі К. Кампанія 1660 году ў Літве // Arche = Пачатак. 2006. № 6.

© Валерый Пазднякоў, 2010

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.