Артыкулы: Мюнц (Müntz) Ёган Генрых
Мюнц (Müntz) Ёган Генрых (28.9.1727, г. Мюлуз, Эльзас—1798), мастак-пейзажыст, падарожнік. У 1748 жыў у Іспаніі, у 1749—52 — у Італіі, дзе вучыўся мастацтву, у 1753 — у Францыі, ваенны інжынер, у 1755—63 — у Англіі, у 1763 — у Грэцыі, у 1777 — у Галандыі. З 1779 (?) у Рэчы Паспалітай, жыў у Варшаве, пасля ў Гародні, дзе з 1782 маёр 2-га батальёна пешай гвардыі. Быў на службе ў пляменніка караля, падскарбія ВКЛ С.Панятоўскага. Па вайсковых і гаспадарчых заданнях ездзіў па Украіне, Малдове і Беларусі, рабіў замалёўкі гарадоў, замкаў, вёсак, тыпаў насельніцтва, пейзажы. Адначасова вёў падарожныя нататкі. У 1783 па дарозе з Украіны ў Літву рабіў на Беларусі замалёўкі палескіх вёсак, Белавежскай пушчы. Апісаў вёскі, умовы мясц. гаспадарання, адзначыў, што палескія балоты прыдатныя для меліярацыі на ўзор Галандыі. Даў характарыстыку жыхароў: «Мясцовыя насельнікі ўвогуле людзі дабрадушныя, добрыя патрыёты, яны ладна скроены і моцныя на работу». У Рэчы Паспалітай быў да 1785, пасля жыў у Германіі.
Літаратура:
Дракохруст Е.И. Альбомы-дневники И.Г.Мюнца, 1781—1783 гг. // Тр. Гос. ист. музея. М., 1941. Вып. 14;
Грыцкевіч В., Мальдзіс А. Шляхі вялі праз Беларусь. Мн., 1980;
Budzińska E. Jana Henryka Müntza podróże po Polsce i Ukrainie (1781—1783): Album ze zbiorów Gabinetu Rycin BUW. Warszawa, 1982.
© Валерый Пазднякоў, 2006
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


