Артыкулы: Мяжэнскі Ян
Мяжэнскі Ян (?—1.8.1665), ваенны, дзяржаўны і рэлігійны дзеяч. З шляхецкага роду герба «Ляліва», брат Аляксандра Мяжэнскага і Самуэля Мяжэнскага. З маладосці служыў біржанскім Радзівілам, што вызнавалі кальвінізм. У 1641 у Вільні пільнаваў інтарэсы Януша Радзівіла на сойміках. Хутка стаў яго галоўным дарадцам па замежных пытаннях. У 1644 ездзіў у Малодову заключаць заручыны Радзівіла з дачкоў малдоўскага гаспадара Марыяй Лупу. Дзякуючы падтрымцы Радзівіла ў 1647 атрымаў урад падстолія ваўкавыскага, да 1650 — Васількаўскае стараства ў Гарадзенскім пав. У 1648 удзельнічаў у абранні караля польскага і вял. князя літоўскага Яна ІІ Казіміра. Пасол на каранацыйны сойм 1649. Суправаджаў Януша Радзівіла ў паходзе 1649 супраць укр. казакоў. Пасол на соймы 1650, 1652, 1653, 1654, 1655, 1661. З 1653 маршалак вількамірскі. У складзе войск Багуслава Радзівіла ўдзельнічаў у бітве пад Жванцом 1653. У пач. 1655 наладжваў кантакты са шведамі, удзельнічаў у заключэнні Кейданскай уніі 1655 са Швецыяй. У канцы 1655 атрымаў ад Магнуса Дэлягардзі ва ўласнасць стараства Прэны з лясніцтвам Ваўкавішкі. Пасля смерці Януша Радзівіла перайшоў на службу да Багуслава Радзівіла, быў яго прадстаўніком пры шведскіх войсках у Мальбарку і Эльблёнгу. Удзельнічаў у правядзенні перагавораў з тpансiльванскім князем Дзьёpдзем II Ракацы і шведскімі прадстаўнікамі, што скончыліся заключэннем Радноцкага дагавора 1656. У канцы 1657 атрымаў амністыю ад караля Яна ІІ Казіміра. Працягваў пільнаваць справы Багуслава Радзівіла, у т.л. ў Варшаве, доўга жыў пры ім у Караляўцы. Вызнаваў арыянства. Па даручэнні Януша Радзівіла з 1652 апякаў Кейданскі арыянскі збор. На аснове дазволу сойма ў 1661 перайшоў з арыянства ў кальвінізм.
Літаратура:
Tazbir J. Arianie w Białymstoku i okolicach // Studia i materiały do dziejów miasta Białegostoku. Białystok, 1968. T. 1.
© Валерый Пазднякоў, 2010
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


