Артыкулы: Мялецкі Мікалай

Мялецкі Мікалай (каля 1540—11.5.1585), ваенны і дзяржаўны дзеяч. З польскага шляхецкага роду герба «Грыф», сын Яна Мялецкага, ваяводы падольскага і маршалка вялікага кароннага. У маладосці вандраваў па Англіі, Шатландзіі, Швейцарыі, Італіі. Служыў пры двары Фердынанда І Габсбурга, здабыў ваенны вопыт у імператарскім войску. Вярнуўся у Польшчу у 1557. Дзякую пратэкцыі бацькі прызначаны старастам хмяльніцкім і каралеўскім сакратаром, з 1562 каралеўскі дваранін. Пасол на сойм 1558. З 1564 прымаў удзел у Інфлянцкай вайне 1558—82, спачатку як ротмістр у войску гетмана польнага кароннага Станіслава Леснавольскага. За ваенныя заслугі ў 1567 прызначаны кашталянам войніцкім. На Люблінскім сойме 1569 падтрымаў каралеўскі план утварэння Рэчы Паспалітай. Ваявода падольскі з 1569. У 1571 каралеўскі пасол у Венгрыю і Трансільванію, удзельнічаў у пахаванні князя Яна Жыгімонта Запайі і абрання на трон князя Стафана Баторыя. У 1572 узначаліў польскі паход у Малдову, мэтай якога было вярнуць на трон ваяводу Багдана IV, што зрабіць не ўдалося. Пасля смерці Жыгімонта ІІ Аўгуста М. падтрымліваў кандыдатуру на трон Рэчы Паспалітай шведскага караля Яна ІІІ Вазы, пасля пагадзіўся з абраннем Генрыка Валезы. Пасля выезду апошяга з Польшчы выступаў за кандыдатуру Максіміляна ІІ Габсбурга. У 1575 бараніў Падолле ад татарскага нападу. Абранне Стафана Баторыя на трон Рэчы Паспалітай спярша сустрэў варожа, пагадзіўся з ім толькі ў 1577. На сойме 1578 рашуча выказаўся за вайну з Масковіяй, што адпавядала і планам караля. У 1579 М. прызначаны гетманам вялікім каронным, адразу пачаў прыгатаванні да ваенных дзеянняў. У Вільні войскі М. спалучыліся з каралеўскімі і рушылі пад Полацк. У час маршу М. камандаваў правай калонай галоўнай арміі. Пры аблозе Полацка камандаваў польскімі войскамі. Пасля капітуляцыі горада (30.8.1579) накіраваны на замак Сокал, 11.9.1579 яго ўзяў і захапіў у палон камандуючага рас. войскамі князя Фёдара Шарамецева. У кастр. 1579 войскі М. захапілі замак Суша. У гэты час уступіў у канфлікт з вял. гетманам ВКЛ Мікалаем Радзівілам Рудым, вял. каронным канцлерам Янам Замойскім і каралём Стафанам Баторыем, у выніку ў 1580 адмовіўся ад урада вял. кароннага гетмана, які быў перададзены Замойскаму. Удзел у Інфлянцкай вайне прынёс М. вял. папулярнасць сярод шляхты. На сойме 1581 ён выказаўся за працяг вайны з Масковіяй, што не падтрымалі магнаты; сойм афіцыйна пазбавіў М. пасады вял. гетмана. Да 1580-х г. вызнаваў кальвінізм, пасля пад уплывам езуітаў перайшоў у каталіцтва. Меў шматлікія ўладанні ў Малой Польшчы і на Украіне, быў старастам сандамірскім, новакорчынскім, градзецкім, хмяльніцкім і далінскім. У 1566 ажаніўся з Эльжбетай Радзівілл, дачкой Мікалая Радзівіла Чорнага. Дачка М. Зоф’я была жонкай спярша князя Яна Сямёна Альлькавіча, потым Яна Караля Хадкевіча.

Літаратура:

Przybyliński R. Hetman wielki koronny Mikołaj Mielecki (ok. 1540—1585). Toruń, 2002;

Купіш Д. Полацак 1579 // Arche = Пачатак. 2009. № 4.

© Валерый Пазднякоў, 2010

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.