Артыкулы: Мялешка Iван Iлья
Мялешка Iван Iлья (каля 1552—13.5.1622), дзяржаўны дзеяч ВКЛ, публіцыст. Сын слонiмскага маршалка Iвана Данiлавiча. Падкаморы мазырскi i падстараста слонiмскi з 1591, маршалак слонiмскi з 1602, кашталян мсцiслаўскi ў 1605—10, берасцейскi ў 1610—15 i смаленскi з 1615. На сойме 1598 прызначаны ў склад камiсii па размежаваннi Мазырскага пав. з Кiеўскiм ваяв. (яго паўнамоцтвы прадоўжаны на соймах 1609 i 1611). Пасол на сойм 1605. У 1613 уваходзiў у склад сенатарскай рады пры Жыгiмонце III Вазе. На Слонiмшчыне валодаў Дзевяткавiчамi, Бусяжам, у 1606, 1609 i 1621 набыў ад Эстэр, удавы Iцхака Мiхелевiча, I.Солтана i Л.Сапегi часткi маёнтка Жыровiчы, трымаў Здзiтаўскую дзяржаву. Фундаваў у 1613 унiяцкi Жыровiцкi Успенскi манастыр, iгуменам якога стаў Iасафат Кунцэвiч; у 1613 i 1618 перадаў манастыру i сваю частку Жыровiч. Аўтар скiраванага супраць замежнага (гал.ч. польскага) уплыву ў ВКЛ сатырычнага твора «Прамова Мялешкi».
© Валерый Пазднякоў, 2006
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


