Артыкулы: Мяфодзій Філімонавіч
Мяфодзій Філімонавіч (свецкае Максім; ?—пасля 1669), дзеяч праваслаўнай царквы. Відаць, нарадзіўся ў г. Нежын, дзе прыняў святарства, стаў нежынскім пратапопам. У час паўстання Багдана Хмяльніцкага далучыўся да прыхільнікаў збліжэння з Расіяй. Выступаў за прызначэнне ва ўкр. гарады рас. ваяводаў і размяшчэнне тут рас. гарнізонаў. Паведаміў у Маскву пра змену арыентацыі гетмана Івана Выгоўскага на карысць Рэчы Паспалітай. Падтрымліваў наступнага гетмана Юрыя Хмяльніцкага, пасля перахода яго на бок Рэчы Паспалітай (1660) прыхільнік Васіля Залатарэнкі. М. атрымаў поўны давер маскоўскага ўрада і ў 1661 круціцкім мітрапалітам Піцірымам пасвячоны як епіскап мсціслаўскі і аршанскі, прызначаны месцаахоўнікам кіеўскага мітрапаліта. Пад духоўнай уладай М. знаходзілася ўсх. Украіна, а таксама вобласці Беларусі, кантралюемыя маскоўскім урадам у ходзе вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. Канкурэнтам М. выступаў епіскап Іосіф Нелюбовіч-Тукальскі, прызнаны ўладамі Рэчы Паспалітай. М. садзейнічаў прыходу да ўлады гетмана Івана Брухавецкага. У 1664 М. уступіў у канфлікт з гетманам з-за права кантролю над кіеўскімі манахамі і манастырскімі маёнткамі. М. прапанаваў Брухавецкаму склікаць царкоўны сабор для абрання кіеўскага мітрапаліта (на якую пасаду сам і разлічваў), аднак Брухавецкі адмовіўся, не маючы санкцыі Масквы. М. узельнічаў у Маскоўскім саборы 1666, што судзіў патрыярха Нікана. Там прасіў даць яму ў кіраванне Белгарадскую епіскапію (Слабадскую Украіну), але маскоўскі ўрад пакінуў яго на ранейшай пасадзе, загадаўшы прымірыцца з Брухавецкім. М. падбіваў яго на паўстанне супраць маскоўскага ўрада, якое пачалося ў 1667. Прамаскоўскімі дзеячамі М. быў зняволены і ў 1668 адпраўлены ў Расію. Узімку 1668—69 у Маскве над ім быў устроены суд (суддзямі выступалі патрыярхі александрыйскі Паісій і маскоўскі Іаасаф, епіскапы, архімандрыты і інш.). Аднак пасля падаўлення бунта Брухавецкага была абвешчана амністыя, пад якую трапіў і М. Ён застаўся ў епіскапскім сане, жыў пад вартай у Маскве ў Новаспаскім манастыры, дзе і памёр.
Літаратура:
Карпов Г. Мефодий Филимонович епископ мстиславский и оршанский, блюститель Киевской митрополии (1661—1668 года) // Православное обозрение. 1875. № 1, 2, 6, 11, 12.
© Валерый Пазднякоў, 2010
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


