Артыкулы: Мяшчэрын Іван Юр’евіч

Мяшчэрын Іван Юр’евіч (каля 1588—1.5.1653), ваенны дзеяч. Сын царскага двараніна. У час вайны Рэчы Паспалітай з Расіяй 1609—18 на чале атрада добраахвотнікаў дзейнічаў ад імя каралевіча Уладзіслава, абвешчанага маскоўскім царом, у 1610—12 заняў Таропец, Невель, Себеж, Красны, намагаўся захапіць Белы. У 1613 атрымаў ад караля польскага і вял. князя літоўскага Жыгімонта ІІІ у кіраванне Невель (трымаў яго да 1623). Пасля сканчэння ваенных дзеянняў атрымаў ад Жыгімонта ІІІ вёскі Стралкі і Міцянава на Смаленшчыне. У Расіі М. разглядалі як здрадца, царскі ўрад пратэставаў супраць валодання ім Невелем. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1632—34 М. намагаўся перацягнуць на бок Рэчы Паспалітай царскага ваяводу Арцёмія Ізмайлава. Як узнагароду за ўдзел у вайне М. атрымаў у 1634 маёнтак Лапаткіна на Смаленшчыне. У 1646, у час падрыхтоўкі да вайны з Турцыяй, М. атрымаў каралеўскі прыпаведны ліст на вярбоўку 400 данскіх казакоў. Быў пакаёвым каралеўскім дваранінам, з 1639 чашнік смаленскі (пасля смерці М. пасада дасталася яго сыну — Я.Мяшчэрыну).

© Валерый Пазднякоў, 2010

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.