Артыкулы: Мяшчэрын Ян
Мяшчэрын Ян (Іосіф; ?—пасля 7.8.1670), ваенны і дзяржаўны дзеяч. Сын І.Ю.Мяшчэрына. Вучыўся ў Смаленскім калегіуме езуітаў. Пад уплывам езуітаў насуперак меркаванню праваслаўных бацькоў прыняў каталіцтва. Служыў пакаёвым дваранінам Уладзіслава IV. У 1644 разам з дваром каралеўны Ганны Кацярыны Канстанцыі Вазы выехаў ва ўладанні яе мужа — Нойбургскае княства. У 1644 у шэрагах баварскіх войск вызначыўся ў ваенных дзеяннях супраць французаў. Чашнік смаленскі пасля бацькі (1653—57, 1659—70). У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 удзельнічаў у абароне Смаленска ў 1654. У 1657 служыў у рэгіменце Ежы Любамірскага, які ваяваў пад Кракавам, удзельнічаў у ваенных дзеяннях супраць венгерскіх войск Дзёрдзя Ракацы. У 1657 прыбыў у Кіеў з місіяй забяспечыць абранне пыхільнага для Рэчы Паспалітай мітрапаліта. Пастрыгся ў манахі Кіева-Пячэрскага манастыра пад імем Іосіф, хутка атрымаў пасаду архімандрыта чарнігаўскага. Быў адным з кандыдатаў на пасаду мітрапаліта, аднак ім абраны Дыянісій Балабан, які зычліва ставіўся да Рэчы Паспалітай. Пасля заключэння з казакамі Гадзяцкага дагавора 1658 М. прыбыў у 1659 у Варшаву для пацвярджэння дагавора. Вярнуўся да свецкага ладу жыцця. У лют. 1659 прымаў удзел у казацкай радзе ў Пераяслаўлі. У канцы 1659—пач. 1660 удзельнічаў пад камандаваннем Любамірскага ў ваенных дзеяннях супраць шведаў, у 1660—61 — супраць царскіх войск у Беларусі.
© Валерый Пазднякоў, 2010
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


