Артыкулы: Нарвенскі дагавор 1704
Нарвенскі дагавор 1704, саюзны дагавор паміж Расіяй і Рэччу Паспалітай, заключаны ў пачатку Паўночнай вайны 1700—21. Заключэнню дагавора садзейнічалі ваенныя поспехі Расіі ў 1702—03 і рост незадаволенасці ў Рэчы Паспалітай шведскімі войскамі, што увайшлі ў краіну. Падпісаны 19(30).8.1704 пад Нарвай рас. паслом Ф.А.Галавіным і паслом караля польскага і вял. князя літоўскага Аўгуста ІІ Т.Дзялынскім. Складаўся з 8 пунктаў. Бакі абавязаліся сумесна дзейнічаць супраць шведаў і не заключаць сепаратнага міру. Расія прадастаўляла Рэчы Паспалітай 12 тыс. салдат, Рэч Паспалітая для барацьбы са шведамі — 48 тыс., на ўтрыманне якіх Расія павінна была выплачваць штогод 200 тыс. руб. да выгнання шведаў з тэр. Рэчы Паспалітай. Рэчы Паспалітай вярталіся заваяваныя ў шведаў гарады, што належалі ёй раней. З заключэннем Н.д. Рэч Паспалітая канчаткова была ўцягнута ў Паўн. вайну.
Літаратура:
Письма и бумаги императора Петра Великого. Т. 3. СПб., 1893;
Королюк В.Д. Вступление Речи Посполитой в Северную войну // Уч. зап. Ин-та славяноведения. М., 1954. Т. 10;
Глаголева А.П. Русско-польские отношения накануне Полтавской битвы // Краткие сообщения Ин-та славяноведения. М., 1955. № 14;
Віцько Д. Уступленне Вялікага княства Літоўскага ў Паўночную вайну // Канструкцыя і дэканструкцыя Вялікага княства Літоўскага. Матэрыялы міжнароднай навуковай канферэнцыі, Гродна, 23—25 красавіка 2004 г. Мінск: Лімарыус, 2007.
© Валерый Пазднякоў, 2006, 2014
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


