Артыкулы: Асінскі Самуэль
Асінскі Самуэль (?—1649), ваенны дзеяч. З шляхецкага роду герба «Радван», сын Паўла Асінскага, скарбніка ашмянскага і каралеўскага двараніна. Вызнаваў кальвінізм. У 1632 удзельнічаў у абранні караля польскага і вял. князя літоўскага Уладзіслава IV. Пачаў службу ў каралеўскай гвардыі і ўдзельнічаў у вайне Расіі з Рэччу Паспалітай 1632—34. З 1640 оберштэр пешага рэгімента каралеўскай гвардыі. Падчашы ашмянскі ў 1635—43, цівун бяржнянскі ў 1642—43, абозны ВКЛ з 1645. У 1645 удзельнічаў у перадачы Расіі г. Трубчэўск (Трубецк). Аддача горада выклікала ў ВКЛ гучны пратэст, Трыбунал ВКЛ прысудзіў А. разам з мсціслаўскім ваяводам Мікалаем Абрамовічам на выплату 600 тыс. злотых і смяротнае пакаранне, але кароль абараніў іх. У 1646 па даручэнні караля вёў прыгатаванні да вайны з Турцыяй, збіраў артрад жаўнераў. З 1648 удзельнічаў у баявых дзеяннях супраць укр. казакаў. Вызначыўся ў бітвах пад Старым Канстанцінавым 26—28.7.1648 і Піляўцамі 21.9.1648. На сойме 1648 выступіў з рэляцыяй пра ход ваенных дзеянняў. У 1648 удзельнічаў у абранні караля польскага і вял. князя літоўскага Яна ІІ Казіміра. Меў маёнткі ў розных паветах ВКЛ, з 1633 трымаў маёнткі Пароссе (да 1637) і Навіны ў Аліцкай эканоміі, у 1641 атрымаў Берасцейскую эканомію пад умовай утрымання атрада ў 500 чал. пешай гвардыі і выплаты 5 тыс. злотых штогод каралю.
© Валерый Пазднякоў, 2010
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


