Артыкулы: Настасся Іванаўна

Настасся Іванаўна (каля 1470—пасля 1524), княгіня слуцкая. Дачка кн. Івана Юр’евіча Мсціслаўскага (гл. ў арт. Мсціслаўскія) з роду Альгерда. Бацька памёр да 1489 без нашчадкаў-сыноў, і Н.І. з сястрой Ульянай стала спадчынніцай вялізных уладанняў, якія ўключалі Мсціслаў, Цяцерын, Княжыцы, Папову Гару, Дрокаў, Магілёў і інш., але страціла на іх правы. Выйшла замуж за слуцкага кн. Сямёна Міхайлавіча (гл. ў арт. Алелькавічы). Пасля нечаканай смерці мужа (1505) Н.І. пачала распараджацца Слуцкім княствам. У 1506 вытрымала ў Слуцкім замку аблогу крымскіх татараў. У 1507 прад’явіла прэтэнзіі на Мсціслаў, накіраваныя супраць кн. Міхаіла Мсціслаўскага (справа ўзнаўлялася яшчэ ў 1519 і 1522). У 1507 судзілася з пінскім і клецкім кн. Ф.В.Яраславічам пра абмен падвод. Магчыма, разам з сынам Юрыем у час Глінскіх мяцяжу 1508 абараняла Слуцк ад войска А.А.Дражджа (паведамленне М.Стрыйкоўскага, што аблогу ўзначальваў мяцежны кн. М.Л.Глінскі, які нібыта дамагаўся шлюбу з Н.І., не пацвярджаецца тагачаснымі крыніцамі). У 1509 вял. кн. Жыгімонт Стары пацвердзіў Н.І. права пажыццёва валодаць маёнткамі Лішкаў і Вяйсеі ў Мерацкім пав., якія даў ёй раней (былі забраны за здраду ў Глінскага). Наданне яшчэ раз пацверджана ў 1516 як узнагарода за заслугі яе мужа і будучыя заслугі сына (пра заслугі самой Н.І. нічога не гаварылася). У 1511 вяла судовую памежную спрэчку з Літаворам Храптовічам. У 1522 заключыла разам з сынам дагавор з гетманам кн. К.І.Астрожскім пра яго жаніцьбу на сваёй дачцы Аляксандры. У 1524 вяла судовую справу з М.Мсціслаўскім. Далейшы лёс невядомы.

© Валерый Пазднякоў, 2006

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.