Артыкулы: натарыус
натарыус (ад лац. notarius пiсар, сакратар), службовая асоба ў ВКЛ, якая мела права сведчыць здзелкi, перадачу спадчынных правоў i iншыя дзеяннi для надання iм юрыд. моцы. Пасля сведчання Н. прыватнаправавыя дакументы набывалi моц публiчнаправавых. Вядомы з канца 15 ст. Н. атрымлiвалi паўнамоцтва ад рымскiх папаў (апостальскiя Н.) цi iмператараў Свяшчэннай Рымскай iмперыi (цэсарскiя Н.) непасрэдна або праз упаўнаважаных на гэта асоб — протанатарыусаў. Паводле падлiкаў Е.Ахманскага, у ВКЛ у 1492—1525 было больш за 60 Н., пераважна апостальскiх (звычайна гэта былi духоўныя асобы, гал.чынам плябаны). Н. быў паэт-лацiнiст М.Гусоўскi. За выкананне абавязкаў Н. атрымлiвалi пэўную плату. У 16 ст. з развiццём судовай сiстэмы юрыд. сведчанне актаў перайшло да пiсараў каралеўскiх, польных, Трыбунала ВКЛ, земскiх i гродскiх судоў, рэгентаў канцылярый. У лацiнамоўных дакументах пiсары таксама называлiся Н.
© Валерый Пазднякоў, 2006
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне