Артыкулы: Аскеркі

Аскеркі, Аскіркі, шляхецкі род герба «Мурдэліё» зменены (у чырвоным полі залаты маладзік рагамі ўніз, на ім залаты кавалерскі крыж, унізе — залатая 6-прамянёвая зорка; клейнод — 3 страусавыя пёры). Прозвішча ўтварылася ад назвы населенага пункта або імя заснавальніка роду, што даў назву с. Аскерць на р. Яжаль (басейн Улы). Паходзілі з полацкіх мяшчан. 1-ы вядомы прадстаўнік роду Аляксандр у 1458 судзіўся з Яўлашкам Козчычам з-за воз. Саланец. Яго нашчадак Нічыпар Аскерчыніч у 1511 разам з Козчычамі і Савай Мікіцінічам выкупіў свае землі ў с. Целічынічы, перададзеныя вял. князем ВКЛ Жыгімонтам Старым П.С.Эпімахавічу ў 1508. Фёдар, Грышка, Андрэй і Цішка Сцяпанавічы Аскярэнічы (Аткярэнічы, Акярэнічы) валодалі айчызным маёнткам на р. Ушача. У 16 ст. А. належалі ўжо да баярства. У час акупацыі Полаччыны войскам цара Івана IV Грознага А. атрымалі як кампенсацыю землі ў Мазырскім пав., дзе сталі ўплывовым родам. Пасля набылі маёнткі ў інш. паветах. Найб. вядомыя:

Самуэль (каля 1600—1673), сын Пятра. Мазырскі пісар земскі, войт з 1633, падсудак з 1638, суддзя земскі з 1653; пасол на сойм 1662, дэпутат Трыбунала ВКЛ у 1666. Удзельнічаў у вайне Рэчы Паспалітай з Расіяй 1609—18, Хацінскай бітве 1621, вайне Рэчы Паспалітай са Швецыяй 1600—29, паходах Я.Радзівіла супраць казакоў у 1649 і 1651. Вызначыўся ў вайне Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. У 1654 як палкоўнік узначальваў некалькі харугваў паспалітага рушэння і наёмнікаў, вёў баі пад Быхавам, у зах. Беларусі. Выступаў супраць Кейданскай уніі 1655 са Швецыяй, ваяваў з яе прыхільнікам Б.Радзівілам. У 1658—59 ваяваў ва ўсх. Беларусі, у 1660 — на Палессі, у Новагародскім ваяв., каля Чарэі, у 1661 — супраць казакоў у паўд. Беларусі, у 1662 — супраць рас. войск каля Быхава і Чавусаў. У 1671 заснаваў кляштар бернардзінцаў у Слуцку.

Антоній (каля 1670—пасля 3.11.1734), сын Міхала, унук Самуэля. Мазырскі чашнік з 1697, маршалак з 1713, стараста ў 1722—24, вял. пісар ВКЛ у 1724—26, кашталян новагародскі з 1726; пасол на соймы 1712, 1717, 1720, 1733, дэпутат Трыбунала ВКЛ у 1709—10. Быў прыхільнікам Радзівілаў, варагаваў з Сапегамі. З-за таго, што згодна са шлюбнай дамовай ахрысціў свайго сына Міхала Стафана паводле кальвінскага абраду, быў засуджаны да пазбаўлення пасад, маёнткаў і жыцця (прыгавор адменены пасля пераходу сына ў каталіцтва).

Гервазы Людвік (каля 1700—19.11.1771), сын Антонія. Мазырскі стараста ў 1724—48?, адначасова войт з 1724, чашнік ВКЛ у 1748—64, рэферэндар ВКЛ з 1764, чл. Скарбовай камісіі ВКЛ; пасол на соймы 1724, 1733, 1740, 1746, 1760, 1766, дэпутат Трыбунала ВКЛ у 1737. Прыхільнік Чартарыйскіх. У 1764 пасол Генеральнай канфедэрацыі ВКЛ у Пецярбург для забеспячэння рас. падтрымкі абрання на трон Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага.

Рафал Алойзы (1708—да 4.6.1767), сын Антонія. Мазырскі харужы з 1725, падстолі з 1733 і маршалак з 1738; стараста багрымавіцкі ў 1742—60; пасол на соймы 1748, 1754, 1764, дэпутат Трыбунала ВКЛ у 1756, 1760. Прыхільнік Чартарыйскіх. У 1764 маршалак канфедэрацыі мазырскай шляхты як аддзела Генеральнай канфедэрацыі ВКЛ.

Міхал Стафан (1712—?), сын Антонія. Згодна з воляй маці быў ахрышчаны паводле кальвінскага абраду. З 1721 вучыўся ў Караляўцы і Берліне. Каб уратаваць бацьку ад смяротнага прыгавора, перайшоў у каталіцтва. Пасля 1736 вярнуўся ў кальвінізм, выехаў у Прусію, набыў маёнтак каля Берліна і стаў дарадцам прускага караля Фрыдрыха ІІ. Выдаў эканам. трактат «Неабавязковы план дзеля найхутчэйшага асваення пусткавых земляў у Брандэнбургскай марцы» («Unmaßgeblicher Plan wegen baldigen Besetzung derer wüsten contribuablen Hufen in der Chur Marck Brandenburg», Бернбург, 1762, бел. пер. Мн., 1995).

Багуслаў Леапольд (?—пасля 1795), сын Антонія. Харужы мазырскі з 1765, стараста барыскавіцкі з 1768, пісар дэкрэтавы ВКЛ у 1793—95; пасол на сойм 1778.

Казімір Мацей (?—?), сын Антонія. Мазырскі маршалак, кашталян з 1793.

Марцін Тэадор (каля 1720—пасля 1796), сын Антонія. Стараста мядзельскі ў 1745—65, ашмянскі маршалак з 1765 і кашталян з 1793, чл. Скарбовай камісіі ВКЛ; пасол на соймы 1738, 1760, 1764, 1780. Прыхільнік Чартарыйскіх. У 1764 маршалак канфедэрацыі ашмянскай шляхты як аддзела Генеральнай канфедэрацыі ВКЛ.

Антоній Іахім (?—пасля 1792), сын Рафала Алойзы. Стараста багрымавіцкі з 1760, харужы пяцігорскі; пасол на соймы 1776, 1786, Чатырохгадовы сойм 1788—92 (з 1790), дэпутат Трыбунала ВКЛ у 1762, 1790. Прыхільнік Канстытуцыі 3 мая 1791.

Ян Мікалай (22.12.1735—96), сын Рафала Алойзы. Мазырскі суддзя каптуровы ў 1764, пісар земскі з 1768, падстолі з 1769, войскі ў 1771—81, стражнік польны ВКЛ у 1782—89; пасол на соймы 1764, 1788, дэпутат Трыбунала ВКЛ у 1781. Удзельнічаў у Сямігадовай вайне 1756—63. Прыхільнік Канстытуцыі 3 мая 1791. У 1793 удзельнічаў у з’ездзе шляхты ў Хойніках пры падрыхтоўцы паўстання 1794. У крас. 1795 арыштаваны рас. ўладамі, сасланы ў Сібір. Памёр у Табольску.

Рафал Міхал (пасля 1761—1818), сын Яна Мікалая. Стражнік польны ВКЛ з 1789. У 1792 уключаны ў склад Генеральнасці Таргавіцкай канфедэрацыі як прадстаўнік Мазырскага пав. У 1793 разам з бацькам удзельнічаў у падрыхтоўцы паўстання на Беларусі.

Літаратура:

Хорошкевич А.Л. Генеалогия мещан и мещанское землевладение в Полоцкой земле конца XIV—начала XVI в. // История и генеалогия: С.Б.Веселовский и проблемы историко-генеалогических исследований. М., 1977;

Рыбчонак С., Свяжынскі У. Аскеркі гербу Мурдэліо зменены // Спадчына. 1999. № 4.

© Валерый Пазднякоў, 2005

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.