Артыкулы: Нямцэвiч (Урсын-Нямцэвiч) Юльян
Нямцэвiч (Урсын-Нямцэвiч) Юльян (16.2.1758, в. Скокi Берасцейскага пав.—21.5.1841), пiсьменнiк, палiтычны дзеяч, гiсторык. З роду Нямцэвiчаў. У 1770—77 вучыўся ў Рыцарскай школе ў Варшаве. З 1777 ад’ютант А.К.Чартарыйскага. Падарожнiчаў па Еўропе. Пасол на Чатырохгадовы сойм 1788—92, удзельнiчаў у распрацоўцы Канстытуцыi 3 мая 1791. З 1791 чл. Адукацыйнай камiсii. Пасля перамогi Таргавiцкай канфедэрацыi ў 1792 у эмiграцыi ў Саксонii, Аўстрыi, Iталii. У час паўстання 1794 ад’ютант i сакратар Т.Касцюшкi. Быў паранены ў Мацяёвiцкай бiтве i зняволены ў Петрапаўлаўскай крэпасцi ў Пецярбургу. У 1796 разам з Касцюшкам выехаў у ЗША. У 1807 вярнуўся, займаў пасаду сакратара Сената Варшаўскага княства. З 1813 сакратар Сената Каралеўства Польскага. У сваiм маёнтку Урсынаў каля Варшавы сабраў значную б-ку (4 тыс. тамоў). Чл. Т-ва сяброў навук у Варшаве (старшыня з 1827). Зрабiў некалькi падарожжаў з мэтай адшукання i апiсання «нацыянальных помнiкаў», па Беларусi — у 1809, 1816 i 1819. У час паўстання 1830—31 увайшоў у Часовы ўрад, абраны сенатарам-кашталянам. Пасля ў эмiграцыi ў Парыжы. Быў звязаны з кансерватыўным лагерам эмiграцыi на чале з А.Е.Чартарыйскiм. Адзiн з найвыдатнейшых пiсьменнiкаў польскага Асветнiцтва, аўтар драматычных i паэтычных твораў, аповесцей, падарожжаў. У палiт. камедыi «Вяртанне пасла» (1790) выказаўся за сац. рэформы ў Рэчы Паспалiтай, вызваленне сялян ад прыгону. Аўтар зборнiкаў «Лiтоўскiя пiсьмы» (1812), дзе адлюстравана мясцовая бел. тэматыка, цыкла «Гiстарычныя песнi» (1816), раманаў «Два паны Сяцехi» (1815), «Ян з Тэнчына» (1825) i iнш. У кнізе «Гiстарычныя падарожжы па польскiх землях, што адбылiся ад 1811 да 1828 гг.» (1858) апiсаў Бярэсце, Гародню, Новагародак, жыццё бел. сялян. Напiсаў «Гiсторыю панавання Жыгiмонта III» (т. 1—3, 1818—19), «Сучасную гiсторыю» (1863), «Жыццi значных людзей XVIII ст.» (1904). Iнiцыятар i рэдактар выдання «Збор гiстарычных мемуараў пра старажытную Польшчу» (т. 1—7, 1822—36), у якi ўключыў «Дыярыушы» С. i Б. Маскевiчаў. Гiстарычныя погляды Н. абапiралiся на канцэпцыю школы А.Нарушэвiча з яе iдэямi пра ўнутраныя прычыны заняпаду Рэчы Паспалiтай. Аўтар шматлiкiх мемуараў, у т.л. «Дзённiкаў часоў маiх» (1848, дапоўненае выд., т. 1—2, 1957).
Творы:
Dzieła poetyckie wierszem i prozą. T. 1—12. Lipsk, 1838—43;
Listy z Ameryki do Adama Kazimierza Czartoryskiego (1798—1806). Toruń, 2003;
Dzienniki 1835—1836. Warszawa, 2005.
Лiтаратура:
Dihm J. Niemcewicz jako polityk i publicysta w czasie Sejmu Czteroletniego. Kraków, 1928;
Яго ж. Niemcewicz jako historyk // Sprawozdania Polskiej Akademii Nauk. 1961. Z. 1;
Грицкевич В.П. Путешествия наших земляков. Мн., 1968. С. 76—95;
Grabski A.F. Myśl historyczna polskiego oświecenia. Warszawa, 1976;
Zbyszewski K. Niemcewicz od przodu i tyłu. Warszawa, 1999;
Julian Ursyn Niemcewicz: pisarz, historyk, świadek epoki. Warszawa, 2002.
© Валерый Пазднякоў, 2006
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


