Артыкулы: Нясвiжа абарона 1706

Нясвiжа абарона 1706. Адбывалася ў сак.—маi ў ходзе Паўночнай вайны 1700—21. У пач. 1706 ваен. дзеяннi з Польшчы перакiнулiся на тэр. ВКЛ. Шведскi кароль Карл ХII, стаўшы лагерам пад Гародняй, пасылаў войскi нiшчыць гарады i замкi прыхiльнiкаў караля польскага i вял. князя літоўскага Аўгуста II Моцнага. У сак. 1706 атрад падпалкоўніка Траўтфэтэра быў накiраваны ў Нясвiж, уласнасць канцлера ВКЛ К.С.Радзiвiла. У горадзе, акрамя радзiвiлаўскага гарнiзона, стаяла 2000 укр. казакоў палкоўніка Мiхаловiча. 14.3.1706 Траўтфэтэр 3 батальёнамi драгун атакаваў адначасова браму з боку Мiра i гар. валы. Захапiўшы з ходу браму, шведы ўварвалiся ў горад. У вулiчных сутычках быў забiты Мiхаловiч i каля 300 казакоў. 500 казакоў зачынiлiся ў езуiцкiм калегiуме, авалодаць якiм Траўтфэтэр не здолеў з-за адсутнасцi гармат вял. калiбру. Рэшта казакоў вяла агонь па шведах з гар. дамоў. Шведы падпалiлi горад, у агнi i сутычках загiнула некалькi соцень казакоў, каля 180 здалiся. Добра ўмацаваны Нясвiжскi замак Траўтфэтэр не стаў штурмаваць i рушыў на Ляхавiчы. 10.5.1706 у Нясвiж увайшлi войскi на чале з Карлам ХII. У Нясвiжскiм замку знаходзiўся гарнiзон пад камандаваннем Балiмана, з 200 чал. якога 90 былi прафесiйнымi вайскоўцамi, астатнiя — мяшчане i сяляне. Да Балiмана былi пасланы Траўтфэтэр i ген.-ад’ютант Расенштэрн з патрабаваннем праз 1 гадзiну здаць замак. Не маючы надзеi на падтрымку, камендант выканаў патрабаванне. Шведы спалiлi ваенны рыштунак з арсенала, патапiлi 21 захопленую гармату, каменданта i ўвесь гарнiзон адпусцiлi на волю. Замкавыя ўмацаваннi былi разбураны, горад спалены, за выключэннем касцёлаў i кляштараў.

© Валерый Пазднякоў, 2006

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.