Артыкулы: нясвіжская людвісарня

нясвіжская людвісарня, майстэрня па вырабе званоў і гармат. Заснаваў у канцы 16 ст. ў Нясвіжскім замку Мікалай Крыштоф Радзівіл Сіротка. Дзейнічала прынамсі з 1597. У людвісарні працаваў майстар Герман Мольцфельд. Вядомы 8 гармат, адлітых ім у Н.л. З іх 7 гармат выраблены на працягу 1599—1602: «Гідра», «Цэрбер», «Папугай», «Вінаград» («Келіхі»), «Цырцэя», «Сыч» (даўжыня 163—188 см, калібр 5—6 см). Гарматы багата ўпрыгожаны ляпнінай, нясуць выявы герба Радзівіла Сіроткі з яго ўпамінаннем, сімвалічныя выразы, год вырабу. Самыя вял. гарматы «Мелузіна» і «Хімера», вырабленая ў 1602—1603, маюць даўжыню 360 і 267 см адпаведна, калібр 9 см; яны нясуць імя майстра і месца вырабу: «MET GOTES HVLF GOSS MICH HERMAN MOLTZFELDT ZV NISWISCH» («Мелузіна»). Паводле пісьмовых крыніц, вядомы гарматы «Святы Мацей», «Святы Лука», «Святы Марк», «Святы Ян», «Святы Мікалай», «Святы Хрыстафор», «Святы Аляксандр», «Святы Георгій», «Святы Міхал», «Святы Рафал», «Кракадзіл», «Вінаград», «Сава», «Саламандра», «Паветра», «Агонь», «Вада», «Зямля», «Цмок», «Маладзік». Выявы на гарматах апрацоўваў злотнік Стафан. Формы для адліўкі гармат апрацоўваў рэзчык Філіп (яны зберагаліся ў Нясвіжскім замку яшчэ ў 1658). У 1598 адліты 2 ажурныя званы для гадзінніка Нясвіжскага замка. Яшчэ адзін невял. звон быў адліты для Міра. Пасля выгнання шведаў з Нясвіжа ў час Паўн. вайны 1700—21 каля 1713 у Н.л. зроблены новы печ па адліўцы званоў. У 1719—21 з Н.л. пасланы 3 званы ў Белую на Падляшшы (адзін з іх важыў каля 350 кг, другі — каля 620 кг). У 1721 уладальніца Белай Ганна Радзівіл запрашала туды для працы нясвіжскага людвісара Патона, аднак той адмовіўся з-за хваробы. У 1785 з нагоды адведзінаў Нясвіжа каралём Станіславам Аўгустам Панятоўскім у яго прысутнасці была адліта гармата. Гарматы Н.л., зробленыя Мольцфельтам, да 20 ст. захоўваліся ў Нясвіжскім замку, пасля перавезены ў Варшаву. Цяпер у Музеі Войска Польскага ў Варшаве зберагаюцца 4 гарматы з Н.л. («Хімера», «Цырцэя», «Гідра», «Сыч»), яшчэ адна — у Ваенным музеі ў Стакгольме («Мелузіна»).

Лiтаратура:

Bersohn M. Dawna zbrojownia Książąt Radziwiłłów w Nieświeżu. Warszawa, 1904;

Brensztejn M. Zarys dziejów ludwisarstwa na ziemiach b. Wielkiego Księstwa Litewskiego. Wilno, 1924. S. 30—39, 89—91;

Bernatowicz T. Monumenta variis Radivillorum: Wyposażenie zamku nieświeskiego w świetle źródeł archiwalnych. Poznań, 1998. Cz. 1. S. 23—27;

Karkucińska W. Anna z Sanguszków Radziwiłłowa (1676—1746): Działalność gospodarcza i mecenat. Warszawa, 2000. S. 162—163.

© Валерый Пазднякоў, 2010

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.