Артыкулы: Нясвіжскі замак

Нясвіжскі замак, ваеннае ўмацаванне і рэзідэнцыя князёў Радзівілаў у Нясвіжы. З пач. 16 ст. вядома пра існаванне ў горадзе драўлянага замка. Новы замак, з выкарыстаннем каменных канструкцый, закладзены кн. М.К.Радзівілам Сіроткам у 1583. У пачатку будаўніцтва (да 1599) удзельнічаў італьянскі архітэктар Дж.Бернардоні. Замак меў у плане форму чатырохвугольніка памерамі 170 × 120 м, быў абкружаны высокім земляным валам з бастыёнамі па вуглах, вадзяным ровам (унутранае кальцо), шырокай дарогай з невысокім земляным насыпам (гласісам) з вонкавага боку і штучнымі вадаёмамі на р. Уша (вонкавае кальцо). Вал вышынёй да 20 м быў абмураваны каменем, уверсе пераходзіў у мураваны бруствер з дадатковымі ўмацаваннямі. Унутры вала былі мураваныя стайні і 4 патаемныя ўваходы. У 17 ст. па вуглах бастыёнаў пабудаваны 4 абарончыя вежы (вядомы па інвентарах). Падыход да замка з З умацаваны трохвугольным шанцам, да якога вялі 2 пад’язныя дарогі. Уздоўж гал. восі знаходзіліся мураваная брама з рассоўным мостам і 3-павярховы палац з 8-граннымі вуглавымі вежачкамі. Злева ад брамы стаяў 2-павярховы гасп. корпус, справа — 3-павярховая казарма з вял. дазорнай вежай. У 1706 замак разбураны шведамі. Адноўлены і перабудаваны пасля 1726 архітэктарам К.Ждановічам (у 1740 пабудаваў таксама палацавую капліцу). У 18 ст. ў будаўніцтве удзельнічалі архітэктары М.Педэці (у 1748—52), М.Фларыяновіч (1775—78), К.Спампані (1778—79), А.Лоцы (1783). Мураваныя бастыёны заменены землянымі ўмацаваннямі. Пры перабудове гал. палацавага корпуса надбудаваны 4-ы паверх, завершаны трохвугольным франтонам з з рэльефным стукавым дэкорам. Перабудаваныя бакавыя карпусы злучаны з галоўным 3-павярховымі жыдымі будынкамі, а з уязной брамай (у 2-й пал. 18 завершана вежай) — галерэямі. Паводле інвентара 1767, замак складаўся з палаца і дапаможных карпусоў абапал уязной брамы. Злева і справа ад замкавай брамы па-за межамі ўмацаванняў каля ставоў былі 2 комплексы жылых, гасп., і вытворчых пабудоў (жыллё прыслугі, свірны, стайні, вазоўні, парахавая і карэтная майстэрні, кузня і інш.). У замкавых бастыёнах былі арсеналы і каморы. З 1945 у Н.з. працаваў санаторый. З 2001 вядзецца рэстаўрацыя замка.

Лiтаратура:

Markowski F. Zamek Mikołaja Krzysztofa Radzwiłła Sierotki w Nieświeżu // Kwartalnik Architektury i Urbanistyki. 1964. Z. 2;

Gruszecki A. Fortyfikacja zamku w Nieświeżu // Там жа. 1965. Z. 2;

Ткачоў М.А. Абарончыя збудаванні заходніх зямель Беларусі ХІІІ—ХVІІІ стст. Мн., 1978;

Яго ж. Замки Белоруссии. Мн., 1987;

Яго ж. Замкі і людзі. Мн., 1991;

Bernatowicz T. Miles christianus et peregrinus: Fundacje Mikołaja Radziwiłła «Sierotki» w ordynacji nieświeskiej. Warszawa, 1998;

Яго ж. Monumenta variis Radivillorum: Wyposażenie zamku nieświeskiego w świetle źródeł archiwalnych. Cz. 1: XVI—XVII weku. Poznań, 1998.

© Валерый Пазднякоў, 2006

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.