Артыкулы: Нясвіжскі кадэцкі корпус

Нясвіжскі кадэцкі корпус (школа, акадэмія), ваенная навучальная ўстанова ў Нясвіжы ў 18 ст. для падрыхтоўкі кадраў войска Радзівілаў — міліцыі. Заснаваны вял. гетманам ВКЛ М.К.Радзівілам Рыбанькай. Паводле яго «Пастановы, служачай да адукацыі кадэцкага корпуса» ад 25.5.1747 на навучанне прымаліся 14-гадовыя падлеткі са шляхты. Выкладаліся французская, нямецкая, лацінская, рус. мовы, геаметрыя, матэматыка, цывільная і вайсковая архітэктура, маляванне, айчыннае права, айчынная і агульная гісторыя. Кадэтаў абучалі верхавой яздзе, фехтаванню, танцам. Вучні павінны былі размаўляць паміж сабой на замежных мовах. Яны адбывалі вартавую службу. У ліст. 1751 было 13 вучняў. Відаць, корпус заняпаў у 1750-я г. Адроджаны К.С.Радзівілам Пане Каханку ў 1767. Паводле яго інструкцыі ў корпус прымалі ўжо адукаваных падлеткаў — дзяцей мяшчан з радзівілаўскіх гарадоў і шляхецкую моладзь (у інш. кадэцкія корпусы краіны прымалі толькі шляхту). Меркавалася набраць 48 чал., але фактычна было значна менш (у кастр. 1770 — 17 кадэтаў). Выкладчыкамі былі пераважна немцы, а таксама кадэты папярэдніх гадоў набору. Выкладаліся французская, нямецкая мовы, матэматыка, геаметрыя, логіка, маляванне, артылерыя, архітэктура. Корпус месціўся ў Нясвіжскім замку. Кадэтам штомесяц выплачвалася па 24 злотыя. У сярэдзіне 1770-х г. корпус заняпаў.

Літаратура:

Koścіałkowskі S. Kіlka szczegółów o korpusіe kadetów w Nіeśwіeżu. Wіlno, 1912;

Lech M.J. Mіlіcje Radzіwіłłów jako oręż feudałów w walce z ruchamі chłopskіmі na Bіałorusі і Lіtwіe // Rocznіk Bіałostockі. Bіałystok, 1962. T. 3.

© Валерый Пазднякоў, 2006

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.