Артыкулы: Орша

Орша (цяпер горад, цэнтр Аршанскага р-на, Рэспубліка Беларусь), горад, цэнтр Аршанскага павета,на р. Дняпро пры ўпадзеннi ў яго р. Аршыца. Упершыню ўпамiнаецца пад 1067, знаходзілася ў Полацкім, пасля ў Віцебскім княстве. З пачаткам княжання ў Вiцебску Альгерда (1320) О. ў складзе Вiцебскага княства далучана да ВКЛ. У 1398—1407 паводле загаду кн. Вiтаўта пабудаваны Аршанскi замак, які стаў цэнтр. пунктам аршанскіх гарадскіх умацаванняў. У 1-й пал. 16 ст. О. неаднаразова занята рас. войскамі. У 1555 М.Радзiвiл Чорны заснаваў у О. кальвiнскi збор, адзiн з першых на Беларусi. Горад меў гандлёвыя сувязi з Расiяй, Польшчай, Прыбалтыкай, Украiнай, быў транзiтным цэнтрам, важным пунктам вял. гандлёвага шляху з Расіі ў Польшчу i Прыбалтыку. У 1620 горад атрымаў магдэбургскае права, на аснове якога аршанцы выпрацавалі ўласны статут (гл. Аршанскае права), і герб: у блакiтным полi залаты паўмесяц, памiж рагамi якога сярэбраны крыж. У сярэдзiне 17 ст. ў О. каля 5 тыс. ж. У 17 ст. заснаваны кляштары бернардзінцаў, дамініканцаў, францысканцаў, базыльянак, у 18 ст. —трынітарыяў, Пакроўскі базыльянскі манастыр. У 1616 адчыніўся Аршанскi езуiцкi калегiум. З 1592 iснавала правасл. брацтва. Дзейнiчалi таксама царква Iльi Прарока (1505), саборная царква Раства Мацi Божай (1691), кляштары мiсiянераў (1752), марыявiтак (18 ст.), цэрквы Ушэсця (1757), Iаана Багаслова (1790) i iнш. У 17 ст. О. была адным з буйных мастацкіх цэнтраў Беларусi. Тут працавалi разьбяры Iпалiт, Герасiм i Арсенiй, цесляры Восiп Андрэеў i Андрэй Фёдараў, гравёр Паiсiй, ювелiр i чаканшчык Афанасiй Воўчак, майстры-збройнiкi, мастакi. З О. паходзяць рукапiсныя помнiкi бел. пiсьменства «Лiсты» Ф.С.Кмiты-Чарнабыльскага, «Збор польскiх i рускiх вершаў» (канец 17 ст.), «Аршанскi кодэкс» (да 1693). У вайну Расii з Рэччу Паспалiтай 1654—67 i ў Паўночную вайну 1700—21 горад моцна пацярпеў. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалiтай (1772) у складзе Рас. iмперыi.

Літаратура.:

Драгун Ю.И. Орша в XVI—первой половине XVII в.: (историко-экономический очерк) // Вопросы истории БССР. Мн., 1969. Вып. 37;

Слюнькова И.Н. Градостроительное развитие феодальной Орши // Архитектурное наследство. М., 1990. Вып. 37;

Шынкевіч А.М. Аршанская даўніна. Мн.. 1992;

Габрусь Т., Чантурыя Ю. Зруйнаваная Ворша // Спадчына. 1993. № 5;

Кушнярэвіч А.М. Манастыры Віцебска і Оршы // Гіст.-археал. зб. Мн., 1993. Ч. 1;

Левко О.Н. Средневековая Орша и ее округа: (Ист.-археол. очерк). Орша, 1993;

Дзядзенка З. Як Сапегі Оршай кіравалі // Бел. мінуўшчына. 1996. № 6;

Асіноўскі С. Орша: Залатыя стрэлы на блакітным полі. Мн., 1997.

© Валерый Пазднякоў, 2006

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.