Артыкулы: Осцікі

Осцікі, шляхецкі род герба «Трубы». Найб. вядомыя:

Осцік (у каталіцтве Крысцін; ?—1442 або 1443), родапачынальнік О. Паходзіў з заможнага літ. баярства з-пад Вільні. Як стараста ушпальскі падпісаў Салінскі дагавор 1398, пасля — акт Віленска-Радамскай уніі 1401, Рацёнжскі дагавор 1404, Тарунскі мір 1411, акт Гарадзельскай уніі 1413 (у час яе заключэння атрымаў герб «Трубы»), Мельнскі дагавор 1422. Да 1418 атрымаў пасаду кашталяна віленскага. Належаў да найб. уплывовых магнатаў ВКЛ, выступаў саюзнікам Вітаўта ў барацьбе за самастойнасць дзяржавы. Падтрымліваў вял. кн. Свідрыгайлу [1430—32], але пасля перайшоў на бок яго праціўніка вял. кн. Жыгімонта Кейстутавіча [1432—40], падтрымаў абранне на пасад ВКЛ Казіміра ІV [1440—92]. Валодаў шматлікімі маёнткамі ў Літве і Жамойці. Меў некалькі сыноў, з якіх ад Станькі (Станіслава) пайшоў далейшы род О., ад Радзівіла — магнацкі род Радзівілаў.

Рыгор Станькавіч (?—1519), унук Осціка. Маршалак гаспадарскі ў 1492—94 і надворны ў 1494—1510, стараста анікштынскі з 1494, мерацкі з 1495, ушпальскі і пенянскі з 1510, ваявода троцкі з 1510. Удзельнік вайны Маскоўскай дзяржавы з ВКЛ 1492—94. У бітве на Вядрошы 1500 трапіў у палон, вярнуўся ў 1509.

Юрый Рыгоравіч (?—1546 або 1547), сын Рыгора Станькавіча. Дзяржаўца анікштынскі, дарсунішскі, маршалак гаспадарскі ў 1546.

Станіслаў Рыгоравіч (?—1519), сын Рыгора Станькавіча. Стараста пенянскі і ушпальскі, крайчы ВКЛ у 1517—19, ваявода полацкі ў 1519.

Рыгор Рыгоравіч (мянушка Віршыла; ?—1557), сын Рыгора Станькавіча. Крайчы ВКЛ у 1519—42, стараста ковенскі ў 1539, упіцкі ў 1546, ваявода новагародскі ў 1542—44, кашталян віленскі з 1544. Быў у апазіцыі да клана Радзівілаў.

Юрый Юр’евіч (каля 1530—79), сын Юрыя Рыгоравіча. Стараста браслаўскі з 1558, дзяржаўца упіцкі ў 1-й пал. 1560-х г., ваявода мсціслаўскі ў 1566—78, ваявода смаленскі з 1578. Кальвініст. Удзельнік Інфлянцкай вайны 1558—82. Пасля смерці Жыгімонта ІІ Аўгуста (1572) выступаў за абранне на пасад Рэчы Паспалітай царэвіча Фёдара Іванавіча, падпісаў элекцыю Генрыка Валезы. Пасля ўцёкаў апошняга ў 1574 выступаў супраць абрання на каралеўскі пасад цара Івана ІV Грознага.

Рыгор Юр’евіч (каля 1535—18.6.1580), сын Юрыя Рыгоравіча. Каралеўскі дваранін з 1569. Кальвініст. У час бескаралеўя 1572 выступаў за абранне на пасад царэвіча Фёдара Іванавіча, у час 2-га бескаралеўя — за цара Івана ІV (прапаноўваў яму падтрымку ўзамен за г. Ковель, Бельск і пасаду «гетмана дворнага»). У 1580 зняволены ў Вільні з-за падазроных кантактаў з рас. паслом, абвінавачаны ў дзярж. здрадзе, замаху на жыццё караля Стафана Баторыя і пакараны смерцю. На яго сыне Яне, суддзі земскім віленскім у 1606—09, род О. скончыўся.

© Валерый Пазднякоў, 2006

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.