Артыкулы: Падляшша

Падляшша, Падляссе, гістарычная вобласць на З ВКЛ, якая ахоплівала Дарагічынскую, Мельніцкую і Бельскую землі. Назва вядома з канца 15 ст. і распаўсюдзілася ў 16 ст. Яе выводзяць ад слова «палексяне» — назвы аднаго з яцвяжскіх плямён (сустракаецца ў польскага гісторыка В.Кадлубака ў форме «polexiani»), ад выразу «зямля пад ляхамі» (г.зн. на мяжы з Польшчай) або «зямля пад лесам» (адсюль лац. назва П. — Subsilvania). Да пач. 2-га тыс. П. — зона рассялення яцвягаў. У 12—13 ст. гэтыя землі ўваходзілі ў склад Галіцка-Валынскага княства, былі вобласцю каланізацыі дрыгавічоў, валынян, мазаўшан. У пач. 14 ст. П. ўвайшло ў склад ВКЛ. У сярэдзіне 14 ст. частка ўдзельнага княства Кейстута з цэнтрам у Троках. У 1382—83 мазавецкі кн. Януш І, карыстаючыся міжусобіцай у ВКЛ, на кароткі час захапіў Дарагічын і Мельнік. 2.9.1391 Ягайла перадаў яму Дарагічынскую зямлю з гарадамі Дарагічын, Мельнік, Сараж і Бельск. У пач. 15 ст. вял. князь літоўскі Вітаўт адабраў Дарагічынскую зямлю і далучыў да яе гарады на мазавецкім памежжы Ганязь, Рай і Тыкоцін. У 1413 П. ўвайшло ў склад новастворанага Троцкага ваяводства. У 1440 Дарагічынская зямля апынулася пад уладай мазавецкага кн. Баляслава IV (відаць, яго прызнаў як сюзерэна дарагічынскі ваявода Насута), які ў тым жа годзе выдаў мясцовай шляхце некалькі прывілеяў. У 1444 на падставе дагавора з вял. князем літоўскім Казімірам Баляслаў IV за 6000 коп грошаў адмовіўся ад правоў на П. (г. Венграў быў прызнаны за Мазовіяй, але застаўся ў ВКЛ). Наступныя прывілеі падляшскай шляхце, якія ўраўнавалі яе з польскай, выдалі вял. князі Казімір (1444), Аляксандр (1496) і Жыгімонт І (1516). Дарагічынская зямля падзялялася на Дарагічынскі, Мельніцкі і Венграўскі пав. (Венграўскі хутка зліўся з Мельніцкім). Да пач. 16 ст. вылучылася самастойная Бельская зямля, шляхта якой у 1501 таксама атрымала прывілей ад вял. кн. Аляксандра. Падляшская шляхта, сярод якой была значная колькасць выхадцаў з Мазовіі, карысталася на польскі ўзор значнымі маёмаснымі, судовымі і адм. правамі, якія ў сярэдзіне 16 ст. былі распаўсюджаны на ўсю шляхту ВКЛ. У 1513 з Троцкага ваяв. было вылучана самастойнае Падляшскае ваяводства.

© Валерый Пазднякоў, 2006

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.