Артыкулы: Палямон
Палемон, легендарны князь лiтоўска-беларускiх летапiсаў, паданне пра якога стала асновай шляхецкай iдэалогii ВКЛ. Паводле асн. версii, П. быў сваяком («рымскiм князем») рымскага iмператара Нерона, але з-за жорсткасцi iмператара ўзначалiў у 1 ст. н.э. ўцёкi 500 сем’яў знатных рымлян. У працах гiсторыка 16 ст. М.Стрыйкоўскага, якi абапiраўся на больш раннiя летапiсы, гэта падзея датавана
Упершыню легенду пра рымскае паходжанне знацi ВКЛ выклаў гiсторык 15 ст. Я.Длугаш. Ён аднёс перасяленне «італьянцаў» у будучую Лiтву да часоў Цэзара, аднак не назваў iмя П. i яго спадарожнiкаў. Легенда пра П. адсутнiчае ў Супрасльскiм летапiсе (1519), пэўна, у гэты час яна яшчэ афармлялася. З бел.-лiт. летапiсаў самы стараж. варыянт легенды пра П., на думку М.Улашчыка, змяшчае Еўраiнаўскi летапiс. Пазнейшыя летапiсцы iмкнулiся выправiць недарэчнасцi першапачатковага варыянта. Мацей з Мехава ў «Трактаце пра дзве Сарматыi» i Мiхалон Лiтвiн выкладалi сказанне паводле Длугаша. Крытычна да легенды ставiўся М.Бельскi, а I.Бельскi прыняў варыянт падання паводле Стрыйкоўскага. А.Ратундус лiчыў сказанне пра П. верагодным i сведчаннем пра высокае паходжанне дынастыi Ягелонаў, а таксама меркаваў, што iх продак з роду «Калюмнаў» кн. Вiцень быў у прамой лiнii нашчадкам стараж.-рымскага дзеяча Публiя Лiбона, якi з-за неахайнасцi перапiсчыкаў ператварыўся ў П.
Сказанне пра П. i яго нашчадкаў узвышае ролю Новагародскай зямлi ў параўнаннi з уласна Лiтвой i Жамойцю. У легендзе пасля пабудовы лiт. князямi Новагародка вял. ўвага аддаецца гэтаму гораду (паводле падлiкаў Улашчыка, каля 80% «легендарнага» тэксту датычыць Новагародка i Новагародскага княства), толькi яго ўладары носяць тытул вял. князя; указваецца, што ўладарылi Новагародкам, i толькi iм, прамыя нашчадкi П., а князi Лiтвы i Жамойцi — нашчадкi васалаў П., другарадных дзеячаў. Улашчык меркаваў, што легенда пра П. i яго акружэнне канчаткова аформiлася ў Новагародку па iнiцыятыве новагародскага ваяводы ў 1530—42 С.Гаштольда (яго род часам выкарыстоўваў герб «Калюмны»). Легенда пра П. падобна на iнш. сказаннi пра замежнае паходжанне пануючых родаў, што былi пашыраны ў сярэдневяковай Еўропе. Дынастыi Ягелонаў падобная легенда патрэбна была для доказу свайго высокага паходжання, бо ў Нямецкiм ордэне iснавалi меркаваннi, што вял. кн. Гедзiмiн быў простым збраяносцам князя Вiценя. Легенда пра рымскае паходжанне Ягелонаў павiнна была садзейнiчаць умацаванню суверэнiтэту ВКЛ, супрацьстаяць тэр. прэтэнзiям з боку Польшчы i Маскоўскай дзяржавы. Яе адметнасцю было тое, што побач з П. выступаюць яго паплечнiкi з уласнымi гербамi, а таксама названа вял. колькасць перасяленцаў. Гэта сведчыць пра тое, што ў ходзе выпрацоўкi легенды ўлiчвалiся iнтарэсы магнатаў i шырокага кола шляхты ВКЛ, якая атрымала магчымасць абгрунтоўваць сваё шляхецкае паходжанне спасылкамi на акружэнне П. Рымскiя каранi вышуквала i бел. шляхта. Стрыйкоўскi ўказваў, што нашчадкi аднаго з васалаў легендарнага князя Ердзiвiла (Ейкшы) хутка так памножылiся, што Новагародская, Гарадзенская, Ваўкавыская i Мсцiслаўская землi аказалiся запаланёнымi шляхтай з гэтага роду; астатнiя з акружэння Ердзiвiла, каму ён раздаў «на Русi» паветы, хутка пабраталiся i пакумiлiся з «руссю, хрысцiянамi». Паходжанне бел. шляхты ад «рымскай» падмацоўвалася i бел. этымалогiяй геаграфiчных назваў, што давалi «рымляне» пасля прыбыцця ў Прыбалтыку. Легенда пра П. супрацьстаяла iдэалогii сарматызму, паводле якой польская шляхта паходзiла ад стэпавых качэўнiкаў сарматаў, адлюстроўвала iмкненне шляхты ВКЛ даказаць сваё больш знатнае паходжанне ў параўнаннi з польскай. Гэта адпавядала i iнтарэсам магнатаў ВКЛ, якiя выступалi супраць Люблiнскай унii 1569 з Польшчай (з акружэння П. выводзiлi свае каранi Радзiвiлы, Пацы, Сапегi).
Лiтаратура:
Zachara-Wawrzyńczyk M. Geneza legendy o rzymskim pochodzeniu Litwinów // Zeszyty Historyczne Uniwersytetu Warszawskiego. Warszawa, 1963. [T.] 3;
Kulicka E. Legenda o rzymskim pochodzeniu Litwinów i jej stosunek do mitu sarmackiego // Przegląd Historyczny. 1980. Z. 1;
Улащик Н.Н. Введение в изучение белорусско-литовского летописания. М., 1985;
Грацыёцi С. Фантастычная i рэальная Лiтва ў старажытных беларускiх хронiках // Ад Полацка i Нясвiжа да Падуi i Венецыi. Мн., 1994;
Латышонак А. Палямон: Коды легенды // Наша ніва. 2006. 6 студз.
© Валерый Пазднякоў, 2006
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


