Артыкулы: Панявеж
Панявеж (літ. Панявежыс, Panevėžys, цяпер горад, цэнтр Панявежскага пав. і Панявежскага р-на, Літоўская Рэспубліка), горад, цэнтр Упіцкага пав., на р. Нявежыс. Пачатак горада з 1503, калі вял. кн. Аляксандр дараваў пробашчу Рамігольскага касцёла зямлю на правым беразе р. Невяжа, дзе той меў пабудаваць касцёл з правам трымаць карчму. На аснове гэтага паселішча да сярэдзіны 16 ст. склаўся горад Стары П. На Пд ад Старога П., на левым беразе Нявежыса, на аснове гаспадарскага двара П. ўзнік дзярж. горад Новы П. (упамінаецца з 1519), які ў сваім развіцці хутка абагнаў Стары П. У 1554 — 144 сядзібы, 54 карчмы. Пасля адм.-тэр. рэформы 1565—66 Новы П. стаў цэнтрам Упіцкага пав., тут адбываліся пасяджэнні земскага і гродскага судоў. У 1587 канлер ВКЛ адчыніў школу. У 1614 у Новым П. пабудаваны новы будынак суда (захаваўся да нашага часу). У 1661 Стары П. атрымаў прывілей на кірмаш і штотыднёвыя таргі. У 1720 тут было 18 дымоў, у 1757 — 22 дыма, у Новым П. ў 1738 і 1764 — адпаведна 66 і 101 дым. У 1727—1831 у Новым П. дзейнічаў піярскі калегіум, з канца 18 ст. — прыходская школа. Пасля пажара Старога П. у 1780 паміж Старым П. і Новым П. у 1782 канонікам Мікалаем Тышкевічам пабудаваны драўляны касцёл і заснавана мяст. Мікалаеў (Пяскі), у 1789 у ім 10 дымоў. 2.11.1791 Новы П. атрымаў гар. правы. Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) у складзе Рас. імперыі.
Лiтаратура:
Гуковский К., Войнич Е., Синяков И.Н. Город Паневеж: Краткий ист.-статистический очерк // Памятная книжка Ковенской губернии на 1905 год. Ковна, 1904;
Довгялло Д.И. Поневежская старина (1585—1587). Вильна, 1910;
Maksimaitienė O. Pirmosios žinios apie Panevėžį // Lietuvos TSR Mokslų Akademijos darbai. Ser. A. 1961. № 2;
Яе ж. Panevėžys XVI amžiuje // Там жа. 1962. № 1;
Яе ж. Panevėžio miesto istorija. Panevėžys, 2003;
Panevėžys nuo XVI a. iki
© Валерый Пазднякоў, 2006
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


