Артыкулы: Астрожскі Канстанцін Іванавіч
АстрожскіКанстанцін Іванавіч (каля 1460—паміж 15 і 25.8.1530), дзяржаўны і ваенны дзеяч ВКЛ. З роду князёў Астрожскіх. Найвышэйшы гетман ВКЛ у 1497—1500 і з 1507, адначасова маршалак Валынскай зямлі ў 1507—22, кашталян віленскі ў 1511—22, ваявода троцкі з 1522; стараста брацлаўскі ў 1497—1500 і з 1507, вінніцкі ў 1497—1500 і з 1507, луцкі з 1507. Верагодна, у 1486—90 удзельнічаў у адбіцці татарскіх нападаў, у вайне Маскоўскай дзяржавы з Вялікім княствам Літоўскім 1492—94. У 1496 абараняў Роўна ад татараў, у 1497 адбіваў татарскі напад на Валынь, у час чарнаморскага паходу караля Польшчы Яна Ольбрахта разбіў каля Ачакава войска хана Махмет-Гірэя. За атрыманыя перамогі ў канцы 1497 прызначаны найвышэйшым гетманам ВКЛ. У пачатку вайны Маскоўскай дзяржавы з Вялікім княствам Літоўскім 1500—03 узначаліў войска ВКЛ, якое рушыла да г. Дарагабуж, пацярпеў паражэнне ў бітве на Вядрошы 1500 і трапіў у палон. На прапанову перайсці на маскоўскую службу ў 1506 прысягнуў вял. князю маскоўскаму, аднак атрыманую свабоду выкарыстаў для ўцёкаў і ў вер. 1507 прыбыў у Вільню. Змагаўся супраць Глінскіх мяцяжу 1508, у 1508—12 — супраць татарскіх нападаў, атрымаў перамогу ў Вішнявецкай бітве 1512. У вайне Маскоўскай дзяржавы з Вялікім княствам Літоўскім 1512—22 разбіў каля Оршы рус. корпус (восень 1513), атрымаў перамогу ў Аршанскай бітве 1514. У 1517 ваяваў на Пскоўшчыне. Вясной 1518 пасол ад паноў-рады ВКЛ у Польшчу. 2.18.1519 разбіты татарамі пад Сакалем, летам 1524 адбіваў іх напад на паўд. землі ВКЛ, атрымаў перамогу ў бітве на Альшаніцы 1527. Паліт. праціўнік канцлера ВКЛ А.Гаштольда. Карыстаўся вял. аўтарытэтам у вял. князёў ВКЛ Аляксандра і Жыгімонта Старога, дзякуючы чаму стаў першым у ВКЛ праваслаўным, які заняў прызначаныя для католікаў пасады кашталяна віленскага і ваяводы троцкага. Быў гал. апекуном правасл. царквы ВКЛ. У 1507 атрымаў ад Жыгімонта Старога ў кіраванне Жыдычынскі манастыр на Валыні. Дзякуючы А. фактычна была адменена забарона на пабудову правасл. цэркваў у дзярж. уладаннях ВКЛ. У 1511 атрымаў дазвол на перабудову Віленскага Прачысценскага сабора, у 1514 — на пабудову ў Вільні цэркваў Св. Тройцы і св. Мікалая (Перанясенскай) у гонар бітвы пад Оршай, пабудаваў цэрквы ў Дубне (1492), Смалявічах (каля 1520). Рабіў падараванні цэрквам Вільні, Новагародка, Турава, Дзярманскаму і Межырэцкаму манастырам, Кіева-Пячэрскаму манастыру. У 1511 дамогся ад Жыгімонта Старога пацвярджэння правасл. царкве ВКЛ права на незалежны суд і забароны свецкім асобам прызначаць на царк. пасады. Кіраваў маёнткамі Кіеўскай мітраполіі пасля смерці мітрапаліта Іосіфа ІІ Солтана (1521). Валодаў вял. зямельнымі маёнткамі на Валыні (Астрог і інш.), атрымаў ад вял. князя Дубну, Красілаў, Здзецел (Дзятлава, 1498), Тураў (1508), Балажэвічы, Шастовічы і Капцэвічы ў Мазырскім пав. (1512), Дарагабуж на Валыні (1514), Смаляны (1522), Копысь і інш. Як пасаг атрымаў ад жонкі частку Гальшан і Глуска, Смалявічы і Жыцін на Меншчыне, Шашолы і Свіраны ў Літве, як спадчыну — Славенск каля Ашмян, Лемніцу і Палонну каля Оршы, купіў Тарасаў каля Менска (1516), Азяраны і воз. Свіцязь (1516), Нізгалаў і Сушу на Полаччыне (1526). У 1528 выстаўляў у войска са сваіх маёнткаў 426 коннікаў. У шлюбе з Таццянай Ганнай, дачкой кн. С.Ю.Гальшанскага, меў сына Ілью, у шлюбе з Аляксандрай, дачкой кн. С.М.Алелькавіча — сына Васіля [Канстанціна, гл. К.(В.).К.Астрожскі] і дачку Соф’ю. Сучаснікі высока цанілі А. як палкаводца, пасля смерці называлі яго «другім Ганібалам» (М.Стрыйкоўскі), «рускім Сцыпіёнам», сцвярджалі, што выйграў 64 бітвы. Пахаваны ў Кіева-Пячэрскай лаўры.
Літаратура:
Ярушевич А. Ревнитель православия, князь Константин Иванович Острожский (1461—1530) и православная литовская Русь в его время. Смоленск, 1896;
Charkiewicz W. «Scypjon ruski» Konstanty Iwanowicz książę Ostrogski, wielki hetman litewski, wojewoda trocki, kasztelan wileński, marszałek ziemi wołyńskiej, starosta łucki, brasławski, winnicki etc. etc. Wilno, 1934;
Сагановіч Г.М. Айчыну сваю баронячы: Канстанцін Астрожскі. Мн., 1992;
Kempa T. Działalność hetmana Konstantego Iwanowicza Ostrogskiego na polu prawosławia // Białoruskie zeszyty historyczne. 1999. Z. 12;
ГрыцкевічА. Канстанцін Іванавіч Астрожскі (каля 1460—1530) // Славутыя імёны Бацькаўшчыны. Мн., 2003.
© Валерый Пазднякоў, 2005
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


