Артыкулы: Пасак (Pasek) Ян Хрызастом
Пасак (Pasek) Ян Хрызастом (каля 1636, Гаславiцы Лянчыцкага ваяв., Польшча—каля 1701), пiсьменнiк, аўтар мемуараў. Паходзiў з дробнай шляхты. Вучыўся ў езуiцкiм калегiуме ў Раве. У 1655—67 служыў у войску, пад камандаваннем С.Чарнецкага ваяваў супраць шведаў у Данii, удзельнічаў у вайне Расii з Рэччу Паспалiтай 1654—67 — на тэр. Беларусi, у Палонкаўскай бiтве, бiтвах на р. Бася i каля Друцка (1660). Быў прыставам пры маскоўскiх паслах, якiя ў 1662 праязджалi праз Беларусь. У 1663—64 удзельнiчаў у ваеннай выправе караля Яна II Казiмiра, у барацьбе супраць Любамiрскага рокашу 1665—66. У 1667 асеў гаспадарыць у маёнтках у Кракаўскiм ваяв. Удзельнiчаў у абраннi каралёў Мiхала Вiшнявецкага (1669) i Аўгуста II (1697). У 1670—90-я г. працаваў над мемуарамi, якiя ахоплiваюць 1656—88. У iх гiстарычна дакладна i вобразна апiсаны ваенныя i палiт. падзеi, удзельнiкам якiх быў П., дадзены звесткi пра iнш. падзеi, у т. л. пра бiтву з туркамi пад Венай 1683. Твор — каштоўнейшы помнiк стараж.-польск. мемуарыстыкi, у якiм яскрава адбiлася шляхецкая ментальнасць Рэчы Паспалiтай 17 ст. Мемуары ўпершыню надрукаваны Э.Рачынскiм у 1836, шмат разоў перавыдавалiся. Iх высока ставiлi i выкарыстоўвалi ў сваёй творчасцi А.Мiцкевiч, Ю.Славацкi, Э.Красiнскi, Г.Сянкевiч.
Лiтаратура:
Rytel J. Pamiętniki Paska na tle pamiętnikarstwa staropolskiego. Wrocław, 1962;
Tazbir J. Paskowe zwierciadło epoki // Tazbir J. Spotkania z historią. Warszawa, 1979;
Таранеўскi В. Па старонках «Мемуараў» Яна Хрызастома Паска // Шляхам гадоў: Гiст.-лiт. зб. Мн., 1994.
© Валерый Пазднякоў, 2006
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


