Артыкулы: Астрожскі Канстанцін (Васіль) Канстанцінавіч
Астрожскі Канстанцін (Васіль) Канстанцінавіч (каля 1524, г. Дубна—23.2.1608), дзяржаўны і ваенны дзеяч ВКЛ. З роду князёў Астрожскіх, сын К.І.Астрожскага. Першапачаткова карыстаўся імем Васіль, пасля — Канстанцін (відаць, у гонар бацькі). Маршалак Валынскай зямлі з 1550, адначасова ваявода кіеўскі з 1559; стараста ўладзімірскі ў 1550—80 і з 1588. Выхоўваўся пад апекай маці ў Тураве. У 1543—44 удзельнічаў у баях з татарамі, у 1559 адбіваў напад на Валынь кн. Дз.І.Вішнявецкага з казакамі. Выступаў супраць заключэння Люблінскай уніі 1569, пасля пагадзіўся з ёй. Абараняў паўд. землі ВКЛ ад татараў у 1574—75, 1577—78. У час Інфлянцкай вайны 1558—82 прымаў удзел у 1579 у паходзе на чарнігаўскія і ноўгарад-северскія землі. Удзельнічаў у задушэнні казацкага паўстання К.Касінскага 1591—93 і Налівайкі паўстання 1595—96. У 1570-я г. заснаваў Астрожскую школу і Астрожскую друкарню. Быў гал. апекуном правасл. царквы ў Рэчы Паспалітай. Па яго ініцыятыве былі прызначаны епіскапы луцкі К.Цярлецкі і ўладзімірска-берасцейскі І.Пацей (пазнейшыя прыхільнікі царк. уніі). Падтрымліваў праект уніі каталіцкай і правасл. цэркваў на раўнапраўных умовах. Асудзіў план уніі, які праводзіўся Пацеем і Цярлецкім, і, каб сарваць яго, заключыў саюз з пратэстантамі. Не прыняў Берасцейскую унію 1596 і вёў з ёю барацьбу. У 1597 александрыйскі патрыярх Мялецій Пігас прызначыў А. адным са сваіх экзархаў для аднаўлення правасл. іерархіі ў Рэчы Паспалітай. Па заказу А. валынскі пратэстант М.Бранеўскі пад псеўданімам Хрыстафор Філалет напісаў антыуніяцкую кн. «Апакрысіс» (1597). У знешняй палітыцы А. быў прыхільнікам заключэння антытурэцкай лігі і падтрымліваў у гэтым намаганні германскага імператара. Выступаў супраць падтрымкі Лжэдзмітрыя І. Валодаў вял. маёнткамі на Валыні (Астрог, Сураж, Дубна, Сцепань, Дарагабуж, Роўна, Звягіль і інш.), у Кіеўскім, Рускім (Цярнопаль), Віленскім ваяв., у Польшчы (Тарнаў). У Новагародскім ваяв. меў Азяраны і воз. Свіцязь (прадаў іх у 1571), Здзецел (Дзятлава) і Глуск, у Менскім ваяв. — Тарасава. Пахаваны ў Астрожскай Богаяўленскай царкве. У шлюбе з Зоф’яй, дачкой кракаўскага ваяводы Яна Тарноўскага, меў сыноў Януша, Канстанціна і Аляксандра, дачок Лізавету і Кацярыну.
Літаратура:
Зноско П.К. Князь Константин Острожский. Варшава, 1933;
Kempa T. Konstanty Wasyl Ostrogski (ok. 1524/1525—1608), wojewoda kijowski i marszałek ziemi wołyńskiej. Toruń, 1997;
Вестник Белорусского Экзархата. Т. 1. Благоверный князь Острожский: Сб. статей участников Шестых Минских Епархиальных научно-богословских Чтений, посвященных 390-летию памяти князя К.К.Острожского. Мн., 1998;
Журко О. Князь Костянтин-Василь Острозький в історичній думці // Осягнення історії. Острог; Нью-Йорк, 1999;
Дабраверны князь Канстанцін (Васіль) Астрожскі — славуты асветнік і абаронца праваслаўя. Брэст, 2011.
© Валерый Пазднякоў, 2005, 2014
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


