Артыкулы: Паўночная вайна 1655—1660

Паўночная вайна 1655—1660, вайна Швецыi ў саюзе з Брандэнбургам i Трансiльванiяй супраць Рэчы Паспалiтай, пазней таксама супраць Аўстрыi, Данii, Брандэнбурга i Галандыi. Перапляталася з вайной Расii з Рэччу Паспалiтай 1654—67 i вайной Расii супраць Швецыi 1656—61. Пачата шведскiм каралём Карлам Х Густавам нападам на Польшчу ў лiп. 1655. Велiкапольскае паспалiтае рушэнне ў вынiку здрады 25 лiп. капiтулявала пад Уйсцем. 8 вер. шведы занялi Варшаву, 17 кастр. — Кракаў, 26 кастр. капiтулявала каронная армiя, кароль Ян II Казiмiр выехаў у Сiлезiю. За паўгода шведы захапiлi амаль усю тэр. Польшчы i Жамойць (т.зв. «Патоп»). Паражэннi Рэчы Паспалiтай у войнах са Швецыяй i Расiяй падштурхнулi «сепаратысцкую» партыю ВКЛ на чале з Я.Радзiвiлам падпiсаць Кейданскую унію 1655, паводле якой ВКЛ парывала дзярж. унiю з Польшчай i заключала яе са Швецыяй. У студз. 1656 саюз са Швецыяй заключыў брандэнбургскi курфюрст i прускi герцаг Фрыдрых Вiльгельм. Акупацыя Польшчы шведамi выклiкала шырокае нар. супрацiўленне i партызанскую барацьбу, да якой далучылася i шляхта. Аднавiла ваен. дзеяннi польская армiя. Каронныя гетманы С.Патоцкi i С.Лянцкаронскi адступiлi ад прысягi шведскаму каралю i арганiзавалi канфедэрацыю ў Тышоўцах, якая пасля вяртання Яна II Казiмiра ператварылася ў генеральную канфедэрацыю. Нягледзячы на паражэнне польскiх войск пад камандаваннем С.Чарнецкага пад Голамбам 17—18.2.1656, хутка настаў пералом. Гал. сiлы Карла Х Густава трапiлi ў акружэнне ў сутоках рэк Сан i Вiсла, а войска, што iшло яму на падмогу, 7.4.1656 разбiта пад Варкай. 1 лiп. вызвалена Варшава, паражэнне польскага войска пад сталiцай 28—30 лiп. не палепшыла становiшча шведаў. Пасля паражэння 8 кастр. армii Фрыдрыха Вiльгельма пад Просткамi шведскi кароль выступiў з праектам падзелу Рэчы Паспалiтай памiж Швецыяй, Брандэнбургам і Трансiльванiяй. Быў заключаны Радноцкi дагавор 1656, якi прадугледжваў перадачу Швецыi Каралеўскiх Прусаў, Iнфлянтаў, Курляндыi, Вiленскага i Троцкага ваяв., Брандэнбургу — Вял. Польшчы, Ленчыцкага i Серадзьскага ваяв., трансiльванскаму князю Дзёрдзю (Юрыю) II Ракацы — Малой Польшчы, Мазоўша, Валынi, Падляшша i Берасцейшчыны разам з тытулам польскага караля. Вынiкам дагавора быў захоп 7.5.1657 шведска-трансiльванскiм войскам Берасця. Аднак спусташальныя рэйды Дзёрдзя II па паўд. i цэнтр. Польшчы ў 1-й пал. 1657 i дзеяннi шведскiх войск не прывялi да рэалiзацыi Радноцкага дагавора. Шведаў паступова выцяснялi з Польшчы. На бок Рэчы Паспалiтай стаў iмператар Свяшчэннай Рымскай iмперыi Леапольд I (май 1657) i перайшоў Фрыдрых Вiльгельм (Вяляўска-Быдгашчцкiя трактаты вер.—лiст. 1657). 11.6.1657 вайну Швецыi аб’явiў дацкi кароль Фрэдэрык III, якi, аднак, пацярпеў паражэннi: шведы занялi Ютландыю i высадзiлiся на дацкiя астравы. 8.3.1658 у Раскiле Данiя i Швецыя падпiсалi мiр, паводле якога апошняя атрымала паўвостраў Сконе i iнш. дацкiя ўладаннi ў Скандынавii. У жн. 1658 Карл Х Густаў парушыў мiр i аблажыў Капенгаген. На дапамогу датчанам прыйшлi аўстрыйскiя, брандэнбургскiя, польскiя (на чале з Чарнецкiм) войскi i галандскi флот. Правал шведскага штурму Капенгагена ў лют. 1659 i канчатковае выгнанне шведаў з Польшчы вырашылi зыход вайны. Смерць Карла Х Густава аблегчыла мiрныя перагаворы, якiя завяршылiся падпiсаннем 3.5.1660 у Алiўскiм кляштары пад Гданьскам мiру памiж Швецыяй i Рэччу Паспалiтай (гл. Аліўскі мір 1660) i 6.6.1660 у Капенгагене мiру памiж Швецыяй i Данiяй. Швецыя захавала тэр. набыткi, прадугледжаныя Раскiльскiм дагаворам (за выключэннем некаторых пунктаў). Кароль польскi i вял. кн. лiтоўскі Ян II Казiмiр адмовiўся ад прэтэнзiй на шведскi трон. Рэч Паспалiтая прызнала шведскiя заваяваннi ў Iнфлянтах на Пн ад Дзвiны; Курляндскае i Земгальскае княства i Iнфлянцкае ваяв. засталiся ў Рэчы Паспалiтай як сумеснае ўладанне Польшчы i ВКЛ.

Лiтаратура:

Szelągowski A. Sprawa północna w wiekach XVI i XVII. Cz. 3. Warszawa, 1905;

Яго ж. Walka o Bałtyk. 2 wyd. Lwów, 1921;

Kubala L. Wojny duńskie i pokój oliwski, 1657—1660. Lwów, 1922;

Konopczyński W. Polska a Szwecja: Od pokoju oliwskiego do upadku Rzeczypospolitej, 1666—1795. Warszawa, 1924;

Polska w okresie drugiej wojny północnej 1655—1660. T. 1—3; Mapy i szkice. Warszawa, 1957;

Wójna polsko-szwedzka 1655—1660. Warszawa, 1973;

Белы А. Невядомыя эпізоды «невядомае вайны», або ваенныя дзеяньні Швэцыі супраць ВКЛ у 1656—1657 гг. вачыма Эрыка Дальбэрга // Спадчына. 1999. № 3.

© Валерый Пазднякоў, 2006

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.