Артыкулы: Пахалавiцкi (Пахаловiч) Станiслаў
Пахалавiцкi (Пахаловiч) Станiслаў, мастак i картограф 2-й пал. 16 ст. Жыццё i дзейнасць звязаны з Беларуссю i Польшчай. Служыў сакратаром у магнатаў, у 1563—66 пры двары жонкi вял. князя літоўскага Жыгiмонта II Аўгуста, потым у скарбовай i кароннай канцылярыях. Вясной 1572 удзельнiчаў у ваеннай выправе на Малдову, у 1579—81 — у паходах Стафана Баторыя на Полацк, Вял. Лукi i Пскоў. Вызначыўся пры штурме Пскова, за што быў набiлiтаваны. Выконваў абавязкi картографа. Склаў карту «Вопiс Полацкага княства...», план аблогi Полацка войскамi Стафана Баторыя (абодва награвiраваны ў 1580 у Рыме Т.Трэтэрам), выканаў малюнак штурму Полацка 29.8.1579 (копія зберагаецца ў Дзярж. архiве ў г. Дрэздэн, Германiя). Відаць, разам з iнжынерам П.Фракусам працаваў над аксанаметрычнымi выявамi 6 рас. замкаў на Полаччыне: Казьяны, Красны, Сiтна, Сокал, Суша i Тураўля. Творы П. — каштоўны матэрыял для рэканструкцыi фартыфiкацыi i забудовы Полацка 2-й пал. 16 ст., крынiца для вывучэння ходу ваенных падзей. Карта Полаччыны (маштаб 1:700 000) не вельмi дасканалая, але адыграла значную ролю ў фармiраваннi картаграфiчнага вобраза Беларусi. Яе выкарысталi картографы М.Струбiч (1579, 1589), Г.Меркатар (1595), Т.Макоўскi (1613). Творы П. дапамаглi Р.Гейдэнштэйну ў працы над «Запiскамi пра Маскоўскую вайну» (1584).
Лiтаратура:
Alexandrowicz S. Źródła kartograficzne do wyprawy połockiej Stefana Batorego roku 1579 // Od armii komputowej do narodowej (XVI—XX w.). Toruń, 1998.
© Валерый Пазднякоў, 2006
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


