Артыкулы: паходы Нямецкага ордэна на Вялікае Княства Літоўскае

паходы Нямецкага ордэна на Вялікае Княства Літоўскае. Праводзiлiся ў канцы 13—пач. 15 ст. Нямецкiм ордэнам для падпарадкавання зямель ВКЛ i з рабаўнiчымi мэтамi. Упершыню прэтэнзii ордэна на землi ВКЛ выказаны ў 1245, калi на просьбу вял. магiстра ордэна Генрыха фон Гогенлоэ iмператар Фрыдрых II выдаў прывiлей, якiм даваў магiстру i ордэну правы на землi, што ён здабудзе ў Куронii, Лiтве i Земгалii. Падставай для паходаў на ВКЛ быў язычнiцкi стан уласна лiтоўскага насельнiцтва, якое, згодна з устанаўленнямi крыжакоў, падлягала хрышчэнню. Прэтэнзii ордэна на ВКЛ падмацоўвалiся i граматай (фальшывай?) кн. Мiндоўга, якой ён завяшчаў сваю дзяржаву Нямецкаму ордэну ў тым выпадку, калi застанецца без нашчадкаў. Войны Нямецкага ордэна супраць ВКЛ пачалiся пасля падпарадкавання iмi прусаў у 1283. Да 1309 гал. задачай ордэна было ўнутранае ўмацаванне, развiццё нямецкай каланiзацыi ў Прусii, таму далейшая агрэсiя супраць суседнiх зямель праводзiлася адносна невял. сiламi. Гал. аб’ектам нападаў крыжакоў была Жамойць, дзе апорнымi iх базамi сталi збудаваныя на Нёмане i Балтыйскiм узбярэжжы замкi Клайпеда, Рагнiт, Скiрстымонiя i iнш. Паходы розных маштабаў арганiзоўвалi ордэнскiя ўлады ўсiх узроўняў. Баявыя дзеяннi цягнулiся бесперапынна, дробныя наезды невял. атрадаў рыцараў i служак, засады перамяжоўвалiся больш буйнымi паходамi. Крыжацкiя атрады налiчвалi ад некалькiх дзесяткаў да некалькiх тысяч воiнаў, паходы цягнулiся ад некалькiх дзён да некалькiх тыдняў. Iх мэтай было здабыць адно або некалькi ўмацаванняў, разрабаваць наваколле, узяць палон. У адказ войскi ВКЛ учынялi напады на крыжацкiя замкi i ўладаннi. Вял. значэнне абодва бакi надавалi фактару нечаканасцi i сакрэтнасцi пры арганiзацыi паходаў. У 1290—94 штогод адбывалiся найменей 2 крыжацкiя выправы. Час ад часу рабiлiся напады на Гародню, якую лiтвiны выкарыстоўвалi як базу для нападаў на Прусiю i Польшчу. Першы паход на Гародню адбыўся ў 1284, потым у 1295, 1296 (двойчы), 1305, 1306 (двойчы). У Гародні i Слонiме князi ВКЛ пасялiлi прусаў-выгнанцаў, якiя не жадалi прызнаваць уладу немцаў. Прыгранiчныя напады рыцараў на ВКЛ адбывалiся i ў часы iх узброенай барацьбы з Польшчай у 1309—43. У асноўным яны былi накiраваны на Жамойць, а таксама на Гародню (тройчы у 1311, 1328), Новагародак (1314). Звычайна не было года, каб не адбыўся крыжацкi напад. Паходы войска ВКЛ у адказ рабiлiся рэдка. Буйнейшым з iх была сумесная выправа з польскiмi войскамi на Брандэнбург у 1326, якую ўзначальваў Давыд. Прывiлеем 1337 iмператар Людовiк IV Баварскi перадаў вял. магiстру Нямецкага ордэна i яго пераемнiкам часткi зямель ВКЛ — Жамойць, Куронiю i Русь. Пасля замiрэння ордэна з Польшчай у 1343 агрэсiўнасць крыжакоў у дачыненнi да ВКЛ значна вырасла, павялiчылiся маштабы iх паходаў, у якiх удзельнiчала шмат зах.- i цэнтральнаеўрапейскіх рыцараў. Гал. аб’ектам нападаў заставалася Жамойць. Некалькi разоў крыжакi штурмавалi Вiльню, Трокi, рабiлi рэйды ў Верхняе Панямонне (да Дзяляцiч), нападалi на Беліцу (1377), Лiду (1384), Берасце (1379), Камянец (1373, 1375, 1379). Вял. князi літоўскія Альгерд, Кейстут, Ягайла не заўсёды маглi аказаць значнае супрацiўленне ордэну з-за занятасцi iх ваенных сiл на ўсх. i паўд. рубяжах краiны. Вял. бiтва адбылася 2.2.1348 на р. Стрэва, у якой удзельнiчалi атрады з Полацка, Вiцебска, Смаленска, Берасця i iнш. гарадоў (гл. Бітва на Стрэве 1348). 29.10.1379 Кейстут i Ягайла заключылi перамiр’е з ордэнам, якi абавязаўся 10 гадоў не нападаць на рус. землi ВКЛ. Але пагадненне ў хуткiм часе было сарвана, i буйныя крыжацкiя напады адбылiся ў 1382 i 1383. Рэлiгiйныя падставы паходаў ордэна знiклi з часу хрышчэння насельнiцтва Лiтвы пасля заключэння Крэўскай унii 1385 памiж ВКЛ i Польшчай. У 1386—89 адбылiся лiчаныя крыжацкiя паходы, аднак iх стала больш пасля ўцёкаў у ордэн кн. Вiтаўта, якi спадзяваўся з дапамогай крыжакоў захапiць велiкакняжацкi трон (буйныя напады адбылiся ў 1390, 1391, 1392, 1394, штогод было па некалькi дробных). Паводле Салiнскага дагавора 1398 Вiтаўт абяцаў перадаць ордэну Жамойць узамен за непадтрымку новага прэтэндэнта на велiкакняжацкi трон Свiдрыгайлы. Невыкананне ўмоў дагавора прывяло да новых вял. паходаў крыжакоў, якiя дзейнiчалi на карысць Свiдрыгайлы (у 1402 да Салечнiкаў, у 1403 да Ашмян). Рымскi папа Банiфацый IХ булай ад 9.9.1403 забаранiў крыжовыя паходы супраць ВКЛ. Канец паходам Нямецкага ордэна на землi ВКЛ паклалi Рацёнжскi дагавор 1404 i Грунвальдская бiтва 1410, аднак яшчэ да Мельнскага мiру 1422 вялiся ваенныя дзеяннi ордэна з Польшчай i ВКЛ на тэр. Прусii.

Лiтаратура:

Lietuvių karas su kryžiuočiais. Vilnius, 1964;

Łowmiański H. Agresja Zakonu Krzyżackiego na Litwę w wiekach XII—XV // Łowmiański H. Prusy—Litwa—Krzyżacy. Warszawa, 1989;

Грыцкевiч А. Барацьба Вялiкага княства Лiтоўскага i Рускага (Беларуска-Лiтоўскай дзяржавы) з Тэўтонскiм ордэнам у канцы XIV—першай палове XV ст. // Адраджэнне: Гiст. альманах. Мн., 1995. Вып. 1;

Сагановiч Г. Беларусь i Нямецкi ордэн (да Крэўскай унii) // З глыбiнь вякоў. Наш край. Мн., 1997. Вып. 2;

Яго ж. «Русь» у вайне з Нямецкім ордэнам (канец ХІІІ—пачатак XV ст.) // Бел. гіст. агляд. 2001. Сш. 1—2;

Петр Дусбург. Хроника Пруссии: Пер. с лат. М., 1997;

Prekop D. Wojna zakonu krzyżackiego z Litwą w latach 1283—1325. Toruń, 2004.

© Валерый Пазднякоў, 2006

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.