Артыкулы: Перасветаў Іван Сямёнавіч
Перасветаў Іван Сямёнавіч, публіцыст 16 ст. Паходзіў з бел. шляхецкага роду, гаспадарскі дваранін. У канцы 1520-х г. у складзе атрада Ф.Сапегі паступіў на службу да венгерскага караля Янаша Запальяі, потым чэшскага караля Фердынанда І Габсбурга. З сярэдзіны 1530-х г. у ВКЛ. У канцы 1538 або пач. 1539 пераехаў у Маскву. Канцом 1540-х г. датуюцца творы П., якія былі прадстаўлены цару Івану IV Грознаму: «Казанне пра кнігі», «Казанне пра Магмет-Султана», «Першае прадказанне філосафаў і дактароў», «Другое прадказанне філосафаў і дактароў», «Казанне пра цара Канстанціна», «Малая чалабітная», «Вялікая чалабітная» (захаваліся ў складзе 2 рукапісных зборнікаў 17 ст.). Выступаў супраць свавольства вяльмож і за ўзвышэнне бедных, але храбрых «воинников», да якіх прылічваў і сябе. Асуджаў закабаленне і занявольванне людзей, выступаў за ўсеагульную роўнасць людзей: «У тым царстве, дзе людзі зняволены, у тым царстве людзі не храбрыя і да бою нясмелыя супраць непрыяцеля». Ставіў «праўду» (справядлівасць) вышэй за веру. Заклікаў цара да стварэння «судовых кніг», заваявання Казані. Станоўча ставіўся да султана Мухамеда ІІ, які заваяваў Канстанцінопаль, і адмоўна да апошняга візантыйскага імператара Канстанціна ХІ, які абапіраўся на сваіх вяльмож, а не на простых воінаў. Відаць, з-за сваіх поглядаў у сярэдзіне 16 ст. стаў ахвярай рэпрэсій.
Творы:
Сочинения / Подгот. текст А.А.Зимин. М.; Л., 1956.
Лiтаратура:
Зимин А.А. И.С.Пересветов и его современники: Очерки по истории рус. общественно-полит. мысли середины XVI в. М., 1958.
© Валерый Пазднякоў, 2006
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


