Артыкулы: Пётр I

Пётр I [30.5(9.6).1672, г. Масква—28.1(8.2).1725], рускi цар з 1682, iмператар з 1721. Сын цара Аляксея Мiхайлавiча ад шлюбу з Н.К.Нарышкiнай. Выбраны царом 27.4(7.5).1682. Пасля смерцi цара Фёдара Аляксеевiча быў царом разам з Iванам V (рэгентка пры iх — царэўна Соф’я Аляксееўна). Пасля няўдалай спробы Соф’i ўчынiць дзярж. пераварот (1689) i смерцi Iвана V (1696) П. I стаў адзiнадзяржаўным правiцелем. У 1697—98 у складзе Вял. пасольства быў у Рызе, Караляўцы, Лондане, Вене, Галандыi, вывучаў караблебудаўнiцтва, артылерыйскую справу i iнш. Жорстка пакараў удзельнiкаў стралецкага паўстання 1698, расфармiраваў стралецкiя палкi, саслаў у манастыр царэўну Соф’ю i жонку Еўдакiю Лапухiну. З 1703 жонка П. I — Кацярына I. Апiраючыся на прыхiльнiкаў новаўвядзенняў (А.Д.Меншыкаў, Б.П.Шарамецеў, Ф.М.Апраксiн i iнш.), вёў актыўную ўнутраную i знешнюю палiтыку. Правёў сац.-эканам., палiт., ваенныя рэформы ў iнтарэсах дваран, купецтва, буржуазii. У 1699 створана Бурмiстарская палата — цэнтр. фiнансавая ўстанова i адначасова выбарны орган самакiравання пасадскага (гар.) насельнiцтва; у 1708 краiна падзелена на губернi, у 1719 — на правiнцыi; у 1711 лiквiдавана Баярская дума, створаны Сенат — вышэйшая дзярж. ўстанова; у 1718 прыказы заменены калегiямi; у 1722 «Табель аб рангах» упарадкаваў праходжанне службы ў армii i ўрадавым апараце; пачалося стварэнне пракуратуры; у 1721 Расiя абвешчана iмперыяй. Паводле закону 1722 цар сам прызначаў пераемнiка на трон. Узмацнiўся прыгон: з 1682 да 1710 з дварцовых зямель раздадзена дваранам 43,6 тыс. сял. двароў; памесце абвешчана спадчыннай уласнасцю (1714), уведзены падушны падатак (1722). Супраць прыгону i нац. прыгнёту адбывалiся паўстаннi, у т.л. Астраханскае ў 1705—06, пад кiраўнiцтвам К.Булавiна ў 1707—08. Развiвалiся прамысловасць i гандаль. Пабудаваныя на казённыя грошы металургiчныя, зброевыя, суконныя i iнш. мануфактуры перададзены прамыслоўцам, iм дадзена права купляць i прыпiсваць да казённых i прыватных заводаў прыгонных (т.зв. прыпiсныя сяляне). З 1699 на аснове рэкруцкай сiстэмы створана рэгулярная армiя, вайсковая служба стала пажыццёвай. У 1696 закладзены асновы рас. флоту, пазней створаны флот на Балтыйскім моры. Для падрыхтоўкi афiцэраў заснаваны спец. школы, у 1715 — Марская акадэмiя. Уведзены новы каляндар (1700), выдадзена першая рас. газета «Ведомости» (1702), уведзены грамадзянскi шрыфт (1710), адкрыты арыфметычныя школы для дваранскiх дзяцей (1714), заснавана Пецярбургская АН (1724). У час праўлення П. I Расiя атрымала выхад да Балтыйскага мора, далучыла зах. ўзбярэжжа Каспiйскага мора. П. I узначальваў рас. войскi ў час Азоўскiх паходаў 1695—96, у Пруцкiм паходзе 1711 супраць туркаў, у многiх бiтвах Паўночнай вайны 1700—21 са шведамi, у час якой быў у Полацку (май 1705), Гародні (вер. 1705), Оршы (лют. 1706), Менску (сак. 1706). На тэр. Беларусi праводзіў палітыку падтрымкі праваслаўя, абмежавання і скасавання уніяцкай царквы. Дамагаўся ўмацавання ў Рэчы Паспалітай рас. ўплыву, для гэтага падтрымаў Тарнагродскую канфедэрацыю і Віленскую канфедэрацыю 1716, скіраваныя супраць абсалютысцкай палітыкі Аўгуста ІІ, садзейнічаў правядзенню «Нямога сойма» 1717. Ён удзельнiчаў у найважнейшых дыпламатычных перагаворах. У 1699 заключыў дагаворы з Данiяй i Саксонiяй аб стварэннi Паўн. саюза супраць Швецыi. У 1716 ездзiў у Германiю, Галандыю, Францыю; у вынiку перагавораў пацверджаны дагавор 1714 аб саюзе з Прусiяй, заключаны дагавор з Францыяй аб дружбе i пасрэднiцтве; удзельнiчаў у падрыхтоўцы Нiштацкага мiрнага дагавора 1721.

Лiтаратура:

Шрейер Ю. Петр Великий в Вильне // Памятная книжка Виленской губернии на 1860 год. Вильно, 1860. Ч. 2;

Письма и бумаги императора Петра Великого. Т. 1—13. СПб.; Л.; М., 1887—2003;

Deruga A. Piotr Wielki a bazyljanie połoccy // Księga pamiątkowa koła historyków słuchaczy uniwersztetu Stefana Batorego w Wilnie, 1923—1933. Wilno, 1933;

Богословский М.М. Петр I: Материалы для биографии. Т. 1—5. М., 1940—48;

Воскресенский Н.А. Законодательные акты Петра I. Т. 1. М.; Л., 1945.

© Валерый Пазднякоў, 2006

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.