Артыкулы: «Пісцовая кніга былога Пінскага стараства»
«Пісцовая кніга былога Пінскага стараства» («Писцовая книга бывшего Пинского староства, составленная по повелению короля Сигизмунда Августа в 1561—1566 годах пинским и кобринским старостою Лаврином Войною»), інвентар Пінскага стараства 1560-х г., выдадзены ў 2 частках Віленскай археагр. камісіяй у 1874. Выданне зроблена паводле копіі 1622 з Віленскага цэнтр. архіва стараж. актаў на польскай мове з паралельным перакладам на рус. мову. Арыгінальная назва дакумента не захавалася. У пачатку інвентара змешчаны лісты караля польскага і вял. князя літоўскага Жыгімонта ІІ Аўгуста пінскаму старасце С.Давойне і насельніцтву Пінскага стараства з паведамленнем аб правядзенні новай валочнай памеры гэтага дзярж. ўладання. Правядзеннем памеры кіраваў гаспадарскі дваранін Л.Война (пазней пінскі стараста). У інвентары пералічаны зямельныя надзелы мяшчан Пінска і Нобеля, сялян Пінскай, Зарэчнай і Вядскай валасцей, землі гаспадарскіх фальваркаў. Надзелы былі нанава перамераны на валокі, маргі і пруты, вызначаны падаткі і павіннасці з залежнага насельніцтва на карысць скарбу, зыходзячы з якасці глебы. У канцы змешчана апісанне замены некаторых зямель правасл. святароў і шляхты на гаспадарскія землі з мэтай ліквідаваць цераспалосіцу. Выданне забяспечана прадмовай С.В.Шаўковіча, дзе зроблены крыніцазнаўчы аналіз інвентара, на яго падставе прыведзены звесткі пра Пінскае стараства, катэгорыі яго насельніцтва (асадных, цяглых і чыншавых сялян, агароднікаў, асочнікаў, бортнікаў, баброўнікаў і інш.), пра цэрквы і вуліцы Пінска; асветлены асн. палажэнні валочнай памеры ў ВКЛ. Ёсць паказальнікі асабовых імён, геаграфічных назваў, прадметны. Выданне — важная крыніца для даследавання гаспадарчай гісторыі, гіст. геаграфіі, этнаграфіі, анамастыкі.
Літаратура:
Улащик Н.Н. Очерки по археографии и источниковедению истории Белоруссии феодального периода. М., 1973.
© Валерый Пазднякоў, 2006
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


