Артыкулы: «Пісцовая кніга Гродзенскай эканоміі»

«Пісцовая кніга Гродзенскай эканоміі» («Писцовая книга Гродненской экономии с прибавлениями»), комплекс гаспадарча-ўліковай і інш. дакументацыі Гарадзенскай эканоміі сярэдзіны 16—сярэдзіны 18 ст., выдадзены ў 1881—82 Віленскай археагр. камісіяй у 2 частках Дакументы ўзяты з актавых кніг Віленскага цэнтр. архіва стараж. актаў, на польск. мове (1 дакумент на бел. мове). У частцы 1 змешчаны «Рэестр памеры валок, гарадоў і Гарадзенскай воласці...», складзены ў 1558 спраўцам гарадзенскіх велікакняжацкіх двароў С.Дыбоўскім і гаспадарскім дваранінам Л.Войнам. У дакуменце (пачатак адсутнічае) зафіксавана рэвізія валочнай памеры ў эканоміі, праведзенай на падставе «Уставы на валокі» 1557. У ім пералічаны сял. гаспадаркі з пазначэннем колькасці зямлі і павіннасцей 26 войтаўстваў, мяшчанскія надзелы ў мястэчках Масты, Новы Двор, Бержнікі, землі велікакняжацкіх двароў. У частцы 2 змешчана інвентарнае апісанне гарадзенскіх замкаў і велікакняжацкага двара Гарадніца (сярэдзіна 17 ст.), «Рэестр валочнай памеры горада і мястэчак, воласці і ўсіх двароў, якія належаць да Гарадзенскага замка» (складзены ў 1550—60-я г. Дыбоўскім і Войнам і змяшчае пералік пляцаў Гародні, зямель некаторых гаспадарскіх сёл; надрукаваны з копіі 1745), інструкцыя Уладзіслава ІV рэвізорам эканоміі К.Белазору і Т.Піўніцкаму (1639), «Генеральная ўстава Гарадзенскай эканоміі» (1680), «рэвізія» дакументаў г. Гародня, гар. пляцаў і прыбыткаў (1675?), «рэвізія» лясніцтваў эканоміі (1764), вытрымкі з «рэвізіі» эканоміі з пералікам каралеўскіх прывілеяў мястэчкам 16—17 ст., апісанне мітрапаліцкай юрыдыкі ў Гародні (з інвентароў 1680 і 1712), камісарскі дэкрэт па зямельных спрэчках у эканоміі (1754), дакументацыя валочнай памеры гарадоў Бранска і Суража з іх валасцямі (складзена ў 1560-я г. С.Дзевялтоўскім-Скочкам і А.Дыбоўскім), ліст Жыгімонта ІІ Аўгуста да Войны, акты размежавання зямель Супрасльскага манастыра (1696, 1698). У выданні змешчана прадмова С.В.Шаўковіча, дзе апісаны гарадзенскія замкі і сам горад, ахарактарызаваны катэгорыі насельніцтва эканоміі і іх павіннасці. Ёсць паказальнікі імён, геаграфічных назваў, рэчаў. Выданне мае вял. значэнне для даследавання сац.-эканам. гісторыі Беларусі, гіст. геаграфіі, этнаграфіі, анамастыкі.

Літаратура:

Улащик Н.Н. Очерк по археографии и источниковедению истории Белоруссии феодального периода. М., 1973.

© Валерый Пазднякоў, 2006

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.